
- Хавайцеся пад ваду! Жвавей! Гэта ваенны параход! Хавайцеся добра!
Кайманы адразу знiклi пад вадою i паплылi да берага. Там яны i засталiся, высунуўшы з вады толькi насы ды вочы. У тую ж хвiлiну з карабля вылецела вялiкае белае воблака дыму i магутны артылерыйскi снарад трапiў у самую плацiну, акурат усярэдзiну. Два цi тры бервяны разляцелiся ў трэскi, але тут жа ўпаў другi снарад, а потым яшчэ i яшчэ, i кожны нiшчыў ушчэнт кавалак плацiны, пакуль ад яе нiчога не засталося. Нi бервяна, нi трэскi, нi кары. Усё было разбурана гарматамi браняносца. I кайманы, якiя сядзелi ў вадзе, высунуўшы на паверхню толькi насы ды вочы, моўчкi глядзелi, як паўз iх, гудучы на ўсю моц, праплывае ваенны карабель.
Потым кайманы вылезлi на бераг i сказалi:
- Мы зробiм другую плацiну, яшчэ большую, чым была.
I тым жа вечарам i тою ж ноччу зрабiлi новую плацiну з аграмадных ствалоў. Пасля гэтага, стомленыя, яны палеглi спаць i спалi да наступнага дня, пакуль ваенны карабель не прыплыў зноў i спушчаная з яго лодка не наблiзiлася да плацiны.
- Гэй, кайманы! - крыкнуў iм афiцэр.
- Што трэба? - адказалi кайманы.
- Прыбярыце гэтую новую плацiну!
- Не прыбяром!
- Мы разбурым яе снарадамi, як i тую!
- Разбурайце, калi зможаце!
Яны адказвалi так ганарыста, таму што былi ўпэўненыя, што iх новую плацiну не змогуць разбiць нават усе гарматы свету разам.
Але праз хвiлiну карабель схаваўся ў дыме, i якраз на сярэдзiне плацiны пачуўся страшны выбух. Гэты раз стралялi разрыўнымi. Снарад з грукатам разарваўся на бярвеннях, узняў iх у паветра i разнёс вялiзныя ствалы на дробныя трэскi. Другi снарад разарваўся побач з першым, разламаўшы яшчэ адзiн кавалак плацiны. I так яны бiлi i бiлi, пакуль ад плацiны нiчога-нiчагуткi не засталося. Тады ваенны карабель праплыў паўз кайманаў, i людзi смяялiся з iх.
