
- Што ж, - сказалi кайманы, вылазячы з вады. - Цяпер мы ўсе памром, бо карабель будзе ўвесь час плаваць сюды i туды i рыбы ўжо нiколi не вернуцца.
I яны замаркоцiлiся, таму што маленькiя кайманчыкi прасiлi есцi.
Тады стары кайман сказаў:
- У нас яшчэ ёсць надзея на выратаванне. Хадземце да Сома. Мы з iм разам плавалi ў вандроўку да мора, i ў яго ёсць тарпеда. Ён некалi бачыў бой памiж двума параходамi i прыцягнуў неразарваную тарпеду сюды. Давайце папросiм у яго гэтую тарпеду, i хоць ён на нас, кайманаў, злуе, але ў яго добрае сэрца i ён не захоча, каб мы ўсе памерлi.
А ўсё ў тым, што некалi даўно, шмат гадоў назад, кайманы з'елi Сомава пляменнiка, i з таго часу ён не хацеў з iмi размаўляць. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, яны адразу выправiлiся да Сома, якi жыў у вялiкай пячоры ў беразе ракi Параны i заўсёды спаў побач са сваёю тарпедай. Самы бываюць даўжынёй аж на два метры, i гаспадар тарпеды якраз быў такi.
- Гэй, Сом! - крыкнулi яму кайманы ад увахода ў пячору, бо не адважвалiся ўвайсцi, памятаючы пра гiсторыю з ягоным пляменнiкам.
- Хто там мяне гукае? - спытаў Сом.
- Гэта мы, кайманы!
- Не маю i не хачу мець з вамi нiякае справы, - сярдзiта адказаў Сом.
Тады стары кайман усунуўся трошкi ў пячору i сказаў:
- Сом, гэта я. Я твой сябар - той, што вандраваў з табою да мора.
Пачуўшы знаёмы голас, Сом вылез з пячоры.
- Ага, а я цябе не пазнаў, - ужо лагодней прамовiў ён да свайго старога сябра. - Што ў цябе?
- Мы прыйшлi папрасiць у цябе тарпеду. Тут па нашай рацэ ходзiць ваенны карабель, якi палохае рыб. Гэта браняносец. Мы зрабiлi плацiну, але ён яе знiшчыў. Тады мы паставiлi другую, дык ён i гэтую разбурыў. Рыбы ўсе да адной уцяклi, i цяпер мы памром з голаду. Дай нам тарпеду, i мы знiшчым гэты карабель.
Пачуўшы гэта, Сом надоўга задумаўся i потым сказаў:
- Добра, я дам вам тарпеду, хоць я не забыў, што вы зрабiлi з сынам майго брата. А ў вас хто ўмее тарпеду ўзрываць?
