
Усе маўчалi, бо нiхто не ўмеў.
- Добра, - з гонарам сказаў Сом, - я сам яе ўзарву. Я гэта рабiць умею.
Зараз жа пачалi перавозку. Усе кайманы прывязалiся адзiн да аднаго: хвост першага прывязалi за шыю другога, хвост пярэдняга - за шыю задняга. Так утварыўся цэлы ланцуг з кайманаў амаль на паўвярсты. Волат Сом штурхнуў тарпеду да плынi i падлез пад яе, каб трымаць на спiне i каб тарпеда плыла. А таму, што лiянаў, якiмi адзiн да аднаго папрывязвалiся кайманы, не хапiла, Сом учапiўся зубамi ў хвост апошняму кайману, i гэтак яны паплылi. Сом падтрымлiваў тарпеду, а кайманы цягнулi яго, бегучы па беразе. Яны то падымалiся на высокi бераг, то апускалiся, то скакалi цераз каменне, але не спынялiся i подбегам валаклi тарпеду, за якой, як за караблём, што iдзе на вялiкай хуткасцi, разыходзiлiся хвалi. А назаўтра рана-ранiцай яны ўсе выйшлi на месца, дзе збудавалi сваю апошнюю плацiну, i адразу пачалi будаваць новую, куды мацнейшую за папярэднiя. Па парадзе Сома яны паставiлi бярвёны ўшчыльную, адно да аднаго. Гэта была сапраўды выдатная плацiна.
Ледзь яны ўбiлi апошняе бервяно, як на рацэ зноў з'явiўся ваенны карабель i лодка з афiцэрам i васьмю матросамi зноў падплыла да плацiны. Кайманы пералезлi цераз бярвенне i высунулi галовы з другога боку.
- Гэй, кайманы! - крыкнуў афiцэр.
- Што? - адказалi кайманы.
- Зноў плацiна?
- Але, зноў!
- Прыбярыце гэтую плацiну!
- Нi за што!
- Не прыбераце?
- Не!
- Добра, тады слухайце, - сказаў афiцэр. - Мы разаб'ем гэтую плацiну, а каб вам болей не захацелася зрабiць новую, мы з гармат разаб'ем i вас. Нiкога не пакiнем жывым - нi вялiкага, нi малога, нi тоўстага, нi худога, нi маладога, нi старога - такога, як той лядашчы кайман, якога я бачу вунь там i ў якога ў роце толькi два зубы.
Стары i мудры кайман, пачуўшы, што афiцэр гаворыць пра яго, насмiхаючыся, адказаў:
