- Вядома, мама! Вядома! - адказала лань.

Але першае, што зрабiла наступнаю ранiцай, - дык гэта пайшла па сцяжынках, зробленых у лесе людзьмi, якiя шукаюць пчалiныя гнёзды.

Доўга яна хадзiла цi не, але ўрэшце адно гняздо знайшла. Гэтае гняздо належала цёмным пчолам з жоўтаю палоскай на талii, i яны поўзалi па гняздзе. Вулей таксама выглядаў iначай, але лань падумала, што калi ўжо гэтыя пчолы большыя, дык i мёд у iх павiнен быць смачнейшы.

Яна ўспомнiла была матчыну перасцярогу, але падумала, што мацi, вiдаць, перабольшвала, як заўсёды перабольшваюць маткi ў ланяў. I яна моцна баданула гняздо галавой.

Лепей бы яна нiколi гэтага не рабiла! Тут жа з гнязда вылецелi сотнi, тысячы восаў, якiя кiнулiся на яе i пачалi кусаць. Яны пакусалi яе ўсю - i галаву, i жывот, i хвост. I што сама горшае, яны кусалi яе ў самыя вочы. Болей за дзесяць восаў уджалiлi яе ў вочы!

Ашалеўшы ад болю, лань з лямантам кiнулася прэч. Яна бегла i бегла, пакуль раптам не была вымушаная спынiцца. Яна нiчога не бачыла! Яна аслепла, зусiм аслепла!

Вочы ў яе страшна распухлi, i яна не бачыла зусiм нiчога. Яна сцiшылася i, дрыжучы ад болю i страху, заплакала ў вялiкае роспачы.

- Мама!.. Мама!..

А яе мама ўжо шукала яе паўсюль, бо заўважыла, што дачкi доўга няма. Калi ж яна ўрэшце яе знайшла, яна таксама прыйшла ў адчай, зразумеўшы, што яе дачка аслепла. Яна паклала яе галаву сабе на шыю i крок за крокам павяла дадому, а ўсе лясныя жыхары, якiя сустракалiся iм па дарозе, падыходзiлi i глядзелi, якiя ў гаротнай ланi распухлыя вочы.

Мацi не ведала што рабiць. Якiя прыкладаць лекi? Яна добра памятала, што ў паселiшчы за лесам жыве чалавек, у якога лекi ёсць. Але той чалавек быў паляўнiчы, i часам ён паляваў на аленяў. Праўда, казалi, што чалавек ён добры.

I хоць мацi баялася весцi дачку да чалавека, якi палюе на аленяў, ды выйсця ў яе не было. I тады яна вырашыла спачатку схадзiць да мурашкаеда i папрасiць у яго рэкамендацыйны лiст, бо мурашкаед быў таму чалавеку блiзкiм сябрам.



24 из 49