
I вось яна добра схавала сваю маленькую дачку i трушком пабегла праз лес. Па дарозе яна ледзь не патрапiла ў кiпцюры ягуару i, калi дабралася да логава свайго сябра, дык да таго стамiлася, што не магла ўжо ступiць нi кроку.
Як мы ўжо казалi, гэты яе сябар быў мурашкаед. Але ён быў з дробнай пароды: гэтыя жывёлы - жоўтага колеру, а на жоўтую шкурку ў iх нiбыта надзета нешта накшталт чорнай майкi на дзвюх шлейках, перакiнутых паверх плеч. I яшчэ ў iх хвост як зачапка, бо яны заўсёды жывуць на дрэвах i вiсяць на хвасце.
Адкуль жа ўзялася такая шчырая дружба памiж мурашкаедам i паляўнiчым? У лесе пра гэта нiхто не ведаў, але мы калi-небудзь даведаемся пра прычыну.
I вось няшчасная мацi дабралася нарэшце да мурашкаедава логвiшча.
"Стук-стук!" - пастукалася яна, цяжка дыхаючы.
- Хто там? - спытаўся мурашкаед.
- Гэта я, лань!
- Ага! Ну i што ж лань хоча?
- Я прыйшла папрасiць у цябе рэкамендацыйны лiст, каб схадзiць да паляўнiчага. Мая маленькая лань, мая дачка, аслепла.
- Як! Твая маленькая лань?! - ускрыкнуў мурашкаед. - Яна добрая жывёлiна. I калi ўжо з ёй здарылася такое, дык я дам ёй усё, што яна хоча. Але нiякiх лiстоў не трэба. Пакажыце паляўнiчаму вось гэта, i ён дапаможа.
I мурашкаед кончыкам хваста падаў ёй сухую, зусiм ссушаную галаву гадзюкi, з якой яшчэ тырчалi атрутныя зубы.
- Пакажыце яму гэта, - паўтарыў паядальнiк мурашак, - i болей нiчога не трэба.
- Дзякую табе, мурашкаед! - сказала задаволеная лань. - Ты таксама добрая жывёлiна.
I яна хутчэй пабегла назад, бо было ўжо позна i пачынала брацца на дзень. Дабегшы да сховiшча, яна забрала дачку, i яны разам пайшлi ў пасёлак. Маленькая лань увесь час жалiлася ад болю. Але ўрэшце яны дайшлi. У пасёлку iм давялося iсцi вельмi цiхенька i прыцiскацца да сцен, каб iх не пачулi сабакi. I вось яны апынулiся ля дзвярэй паляўнiчага.
