
"Стук-стук!" - пастукалiся яны.
- Хто там? - пачуўся з хаты голас чалавека.
- Гэта мы, ланi!.. Мы прынеслi галаву гадзюкi!
Мацi паспяшалася сказаць гэта, каб чалавек ведаў, што яны мурашкаедавы сяброўкi.
- Вунь як! - сказаў чалавек, адчыняючы дзверы. - А што здарылася?
- Мы прыйшлi папрасiць, каб вы палячылi маю дачку - вось гэтую маленькую лань, бо яна аслепла.
I яна расказала паляўнiчаму ўсю гiсторыю з пчоламi.
- Гм!.. - сказаў паляўнiчы. - Давайце пабачым, што з гэтай паненкаю.
Ён вярнуўся ў хату, вынес адтуль высокае крэсла i пасадзiў у яго маленькую лань, каб, не згiнаючыся, добра паглядзець яе вочы. Ён аглядаў вочы, блiзенька падносячы вялiкае круглае шкло, а мама свяцiла лiхтарыкам, якi вiсеў у яе на шыi.
- Нiчога страшнага, - урэшце сказаў паляўнiчы, дапамагаючы ланi злезцi. Але трэба будзе пацярпець. Кожную ноч прыкладайце на вочы вось гэтую мазь i трымайце вашую дачку дваццаць дзён у цемры. А потым адзеньце ёй гэтыя жоўтыя акуляры, i яна вылечыцца.
- Шчыра дзякуем вам, паляўнiчы! - вельмi задаволена адказала мацi. Колькi я вам вiнаватая?
- Нiколькi, - усмiхаючыся адказаў паляўнiчы. - Але, iдучы назад, сцеражыцеся сабак, бо ў суседнiм квартале жыве чалавек, у якога сабакi, навучаныя браць след аленяў.
Ланi вельмi былi напалоханыя. Яны iшлi назад, ледзь дакранаючыся да зямлi, i кожную хвiлiну спынялiся. Але сабакi ўсё роўна iх вынюхалi i пагналiся за iмi. Ланi кiнулiся ўцякаць па шырокай лясной сцяжынцы, i маленькая лань, якая бегла паперадзе, увесь час жаласна бляяла ад страху. Але нарэшце, прагнаўшы iх па лесе амаль паўмiлi, сабакi адсталi.
Мацi лячыла дачушку так, як патлумачыў ёй паляўнiчы. Толькi яна адна ведала, якiх намаганняў ёй каштавала дваццаць бясконцых дзён трымаць дачку ў дупле вялiкага дрэва. Усярэдзiне там было так цёмна, што зусiм нiчога было не вiдаць. Але аднойчы ранiцай мацi нарэшце адсунула галавою вецце, якое затуляла дупло i не давала ў яго трапiць святлу. Маленькая лань выбегла i закрычала:
