
- Бачу, мама! Я ўсё бачу!
А лань, убачыўшы, што яе дачка здаровая, паклала галаву на галiну i заплакала ад радасцi.
Маленькая лань цалкам вылечылася. Але хоць яна вылечылася i была здаровая ды ўсiм задаволеная, быў у яе адзiн сакрэт, якi яе засмучаў. А сакрэт быў у тым, што яна вельмi хацела аддзячыць чалавеку, якi быў з ёю такi добры; яна хацела аддзячыць ды не ведала як.
I вось аднойчы ёй здалося, што яна прыдумала спосаб. Яна пачала хадзiць па берагах балот i затокаў, каб назбiраць чаплiных пёраў i занесцi iх паляўнiчаму. А паляўнiчы часам таксама ўспамiнаў невiдушчую лань, якую ён вылечыў.
Аднойчы дажджлiвым вечарам чалавек чытаў у сваiм пакоi. Ён быў вельмi задаволены, бо толькi што паправiў саламяную страху, i цяпер яна больш не цякла. Ён чытаў, калi раптам пачуў, як нехта стукаецца. Адчынiўшы дзверы, ён убачыў маленькую лань, якая трымала клуначак - прамоклы наскрозь скрутак з пёрамi чаплi.
Паляўнiчы засмяяўся, а лань, засаромеўшыся, пабегла прэч. Яна была засмучаная, думаючы, што паляўнiчы смяяўся таму, што яе падарунак быў вельмi бедны. Тады яна назбiрала вялiкiх, сухiх i чыстых пёраў i праз тыдзень прыйшла да паляўнiчага зноў. Але гэты раз чалавек ужо не смяяўся: пасля мiнулага разу, калi ён засмяяўся ад расчуленасцi, ён убачыў, што маленькая лань не разумее смеху. I цяпер ён падараваў ёй у адказ бамбукавую трубку, поўную мёду, якi лань выпiла з вялiкiм задавальненнем.
З таго часу лань i паляўнiчы вельмi пасябравалi. Лань заўсёды старалася прынесцi чалавеку чаплiных пёраў, якiя каштуюць вялiкiх грошай, i яны, гутарачы, бавiлi разам цэлыя гадзiны. Чалавек заўсёды ставiў на стол горшчык з мёдам i падсоўваў сваёй сяброўцы высокае крэсла. А часам ён частаваў яе цыгарамi, якiя ланi ахвотна ядуць i гэта нiяк iм не шкодзiць. Так яны i бавiлi час, седзячы каля печы, якую паляўнiчы палiў дрывамi, ды пазiраючы на полымя, а за сцяною лiў дождж i вецер скаланаў саламяную страху хаты.
