
Баючыся сабак, лань звычайна прыходзiла да чалавека тымi начамi, калi была навальнiца. I таму кожны раз, калi з надыходам ночы пачынаўся дождж, паляўнiчы загадзя ставiў на стол горшчык з мёдам i сцялiў сурвэтку, а сам браў кнiгу ды, сёрбаючы каву, чакаў, калi ў дзвярах пачуецца такi знаёмы стук ягонай сяброўкi ланi.
ГIСТОРЫЯ ПРА ДВАIХ ДЗЕТАК КААЦI I ДВАIХ ДЗЯЦЕЙ ЧАЛАВЕКА
У аднаго каацi было трое дзетак. Жылi яны ў лесе, елi фрукты, карэнне i птушыныя яйкi. А калi сядзелi на дрэве i раптам чулi моцны шум, дык iмклiва саскоквалi на зямлю i ўцякалi, задраўшы хвасты.
I вось аднаго разу, калi каацяняты крыху падраслi, мацi паклiкала iх залезцi да сябе на апельсiнавае дрэва i сказала iм так:
- Каацяняткi, вы ўжо дастаткова падраслi, каб самiм шукаць сабе ежу. I вы павiнны навучыцца гэтаму, бо калi зробiцеся зусiм дарослыя, дык пачняце жыць паасобку, як усе каацi. Большанькi з вас ласы да макрыц i слiмакоў, i ён знойдзе iх у спарахнелых дрэвах, бо там шмат гэтых казурак. Сярэднi - вялiкi аматар фруктаў, i ён зможа знайсцi iх на гэтым цi на другiх дрэвах: апельсiны будуць ажно да снежня. А меншы, якi ласуецца толькi птушынымi яйкамi, можа хадзiць дзе хоча, бо паўсюль ёсць птушыныя гнёзды. Але баранi яго Бог хадзiць шукаць гнёзды ў поле, бо гэта небяспечна.
I асаблiва, дзеткi мае, вы павiнны баяцца сабак. Аднойчы я з iмi бiлася i ведаю, што кажу, - з таго часу ў мяне паламаны зуб. За сабакамi заўсёды iдуць людзi, у якiх ёсць магутны гром, якi забiвае. Як толькi пачуеце гэты гром, дык як мага хутчэй саскоквайце на зямлю з любога высокага дрэва. Iначай вас могуць застрэлiць.
Так навучала iх мацi. Потым яны ўсе злезлi з дрэва i разышлiся, круцячы галавою то справа налева, то злева направа, быццам шукаючы нечага згубленага, бо так ходзяць каацi.
Большы, якому захацелася паесцi слiмакоў, шукаў iх у гнiлым ламаччы i пад прэлай травой.
