
- Я памiраю, мне ўсё горай i горай, але толькi ў Буэнас-Айрэсе я мог бы ачуняць. А тут я памру, адзiн у гэтым лесе.
Яму здавалася, што ён усё яшчэ ў будане, бо ён жа нiчога не ведаў. Тады чарапаха ўставала i йшла далей.
Але настаў дзень, калi гаротная чарапаха зусiм ужо не магла iсцi. Яна патрацiла ўсе свае сiлы i больш не магла. Каб хутчэй дайсцi, яна цэлы тыдзень не ела, i сiлы ў яе нi на што не засталося.
Калi прыйшла ноч, яна ўбачыла на даляглядзе далёкае святло, нейкае ззянне, што асвятляла неба, але яна не ведала, што гэта такое. Яна зусiм знемаглася i заплюшчыла вочы, каб памерцi разам з паляўнiчым, маркотна думаючы, што не здолела ўратаваць чалавека, якi быў такi добры з ёю.
Але ж яна была ўжо ў Буэнас-Айрэсе, хоць не ведала гэтага. Тое святло, што яна бачыла ў небе, было ззянне горада, i яна сабралася памерцi, калi была ў самым канцы свайго гераiчнага падарожжа.
На шчасце, у гэтую хвiлiну двух паўмёртвых падарожнiкаў убачыла гарадское мышаня, якога клiкалi Пэрэс.
- Вось дык чарапаха! - здзiвiлася мышаня. - Нiколi я не бачыла такой вялiзнай чарапахi. А што гэта ты нясеш на спiне? Дровы?
- Не, - маркотна адказала чарапаха. - Гэта чалавек.
- I куды ж ты нясеш гэтага чалавека? - спытала цiкаўнае мышаня.
- Я iду... iду... Я хацела дайсцi да Буэнас-Айрэса, - адказала бедная чарапаха такiм цiхiм голасам, што яе было амаль не чуваць. - Але я нiколi туды не дайду, i мы памром тут...
- Эх, дурнiца ты, дурнiца! - засмяялася мышаня. - Нiколi не бачыла я такой дурной чарапахi! Ды ты ўжо ў Буэнас-Айрэсе! Тое святло, што ты бачыш, гэта i ёсць Буэнас-Айрэс.
Пры гэтых словах чарапаха адчула новыя сiлы, бо яна зразумела, што ў яе ёсць яшчэ час уратаваць паляўнiчага. I яна зноў рушыла ў дарогу.
На досвiтку дырэктар Заапарку ўбачыў запэцканую i вельмi худую чарапаху, на спiне ў якой ляжаў перавязаны лiянамi чалавек. Ён памiраў. Пазнаўшы ў гэтым чалавеку свайго сябра, дырэктар сам пабег па лекi, i з iх дапамогаю паляўнiчы адразу ж ачуняў.
