
Ледзь толькi ён гэта зрабiў, як ТРЭСЬ! - страшны ўдар абрынуўся яму ў твар, i ён адчуў невыцерпны боль.
- Мама, мама! - закрычаў ён, не ведаючы што рабiць ад болю.
Але ён быў як прыкуты да месца! I ў тую ж хвiлiну пачуўся хрыпаты сабачы брэх.
Тым часам, калi каацi сядзеў на ўзлеску i чакаў, пакуль добра сцямнее, каб пралезцi ў куратнiк, гаспадар дома забаўляўся на саломе са сваiмi дзецьмi, белагаловымi хлопчыкам i дзяўчынкай пяцi i шасцi гадоў. Яны смяялiся, бегалi, падалi, смеючыся ўставалi i зноў падалi. I бацька таксама падаў, на вялiкую радасць дзяцей. Урэшце яны перасталi дурэць, бо была ўжо ноч, i гаспадар сказаў:
- Пайду пастаўлю пастку на ласку, бо яна часта да нас залазiць i душыць куранят ды крадзе яйкi.
Ён пайшоў i паставiў пастку. А потым яны павячэралi i палеглi спаць. Але дзецi спаць не хацелi, яны скакалi з ложка на ложак i блыталiся ў начных кашулях. А бацька чытаў у сталовым пакоi i не перашкаджаў iм. Але раптам дзецi перасталi скакаць i крыкнулi:
- Тата! У пастку трапiла ласка! Сабака брэша! Мы хочам пабачыць, татачка!
Бацька дазволiў, але з умоваю, што яны абуюць сандалi, бо вакол было шмат гадзюк i цёмначы дзецям забаранялася хадзiць босымi.
Яны пайшлi. I што ж яны ўбачылi? Яны ўбачылi, што бацька нахiлiўся i, стрымлiваючы адной рукою сабаку, другою рукой выцягнуў за хвост i падняў каацi. Каацi быў яшчэ зусiм маленькi i ўвесь час пранiзлiва, як цвыркун, вiшчаў.
- Тата, не забiвай яго! - папрасiлi дзецi. - Ён зусiм маленечкi! Аддай яго нам.
