Калi паляўнiчы даведаўся, як яго ўратавала чарапаха i як яна зрабiла падарожжа аж у трыста мiль, каб толькi ён мог выпiць лекаў, ён вырашыў нiколi з ёю не разлучацца. Але ж ён не мог трымаць яе ў сваёй маленькай хаце, i тады яго сябар прапанаваў аддаць яе ў заапарк, дзе абяцаў даглядаць за ёю як за сваёй дачкой.

Так i зрабiлi. Цяпер чарапаха, шчаслiвая i задаволеная, поўзае па ўсiм садзе, i гэта тая сама вялiзная чарапаха, якую мы штодня можам бачыць, калi яна скубе траўку ля клетак з малпамi.

Кожны вечар паляўнiчы прыходзiць да яе, а яна па хадзе здаля пазнае свайго сябра. Яны бавяць разам пару гадзiн, i ёй заўсёды хочацца, каб ён, раней чым пайсцi, пяшчотна папляскаў яе рукою па спiне.

ПАНЧОХI ДЛЯ ФЛАМIНГАЎ

Неяк раз змеi ладзiлi вялiкi баль. Былi запрошаныя рапухi ды жабы, фламiнгi, кайманы ды рыбы. Але ж рыбы не ходзяць, то й танчыць яны не маглi. Яны толькi павылазiлi на пясок ды пляскалi хвастамi, бо той баль адбываўся каля ракi.

Кайманы, каб лепей сябе ўпрыгожыць, надзелi на шыю каралi з бананаў i палiлi парагвайскiя цыгары. Жабы абляпiлiся рыбiнаю лускою i ступалi паважна, перакульваючыся з адной нагi на другую, нiбыта плылi. I кожны раз, калi яны з паважным выглядам праходзiлi па беразе, рыбы крычалi iм што-небудзь кплiвае.

Рапухi надушылiся парфумаю i хадзiлi на заднiх лапах. Апроч таго на кожнай вiсеў, гайдаючыся, як лiхтарык, маленечкi светлячок.

Але сама прыгожыя былi змеi. Усе яны былi апранутыя ў балетныя гарнiтуры пад колер скуры: на чырвоных змеях былi спаднiчкi з чырвонага цюлю, на зялёных - з зялёнага, на жоўтых - з жоўтага, а на куфiях - з шэрага ў палоску, i палоскi былi колеру цаглянага пылу i попелу, бо такi колер у куфiй.

А ўжо сама адметнымi былi каралавыя гадзюкi, апранутыя ў доўгiя спаднiчкi з чырвонага, белага i чорнага газу. Яны танчылi, выгiнаючыся серпанцiнам. I калi змеi пачыналi танчыць i кружылiся на кончыку хваста, усе госцi гучна пляскалi iм у далонi.



5 из 49