
- Вечар добры, спадары фламiнгi! Я ведаю, што вы шукаеце. Такiх панчох вы не знойдзеце нi ў якой краме. Пэўна, яны ёсць у Буэнас-Айрэсе, але адтуль iх давядзецца выпiсваць поштаю. А вось у маёй кумы савы такiя панчохi ёсць. Папрасiце ў яе, i яна дасць вам чырвоныя, белыя i чорныя панчохi.
Фламiнгi падзякавалi, паляцелi да савiнага дупла i сказалi:
- Вечар добры, сава. Мы прыляцелi папрасiць у цябе чырвоныя, белыя i чорныя панчохi. Сёння ў змеяў вялiкi баль, i калi мы надзенем такiя панчохi, усе каралавыя гадзюкi ў нас закахаюцца.
- З вялiкiм задавальненнем! - адказала сава. - Пачакайце трошачкi, я не забаўлюся.
I махнуўшы крыламi, яна пакiнула фламiнгаў адных i праз хвiлiну ўжо вярнулася назад - з панчохамi. Але гэта былi не панчохi, а вельмi прыгожыя i зусiм свежыя шкуры каралавых гадзюк, якiх сава толькi што ўпалявала.
- Вось вам панчохi, - сказала сава. - Але майце на ўвазе вось што: танчыце ўсю ноч, танчыце, не спыняючыся нi на iмгненне, танчыце на баку, на дзюбе, на галаве, як хочаце, але не спыняйцеся нi на хвiлiну, каб вам не давялося замест таго, каб танчыць, - плакаць.
Але ж фламiнгi былi такiя дурныя, што й не ўцямiлi, якая вялiкая небяспека хавалася ў гэтых словах. Адурэўшы з радасцi, яны надзелi шкуры каралавых гадзюк як панчохi, засунуўшы ў iх лапы, як у трубкi, i вельмi задаволеныя, паляцелi на баль.
Калi госцi ўбачылi фламiнгаў у такiх прыгожанькiх панчохах, яны ўсе iм пазайздросцiлi. Змеi захацелi цяпер танчыць толькi з iмi, а таму, што фламiнгi нi на хвiлiну не пераставалi перабiраць нагамi, змеi не маглi добра разгледзець, з чаго тыя прыгожыя панчохi зробленыя.
Але ўрэшце змеi пачалi сёе-тое падазраваць. Калi фламiнгi танчачы праходзiлi побач, змеi аж да зямлi нагiналiся, каб лепей разгледзець.
Асаблiва непакоiлiся каралавыя гадзюкi. Яны не адводзiлi вачэй ад панчохаў i таксама нагiналiся, стараючыся лiзнуць фламiнгам у лапы языком, бо язык у змеяў - усё роўна што рука ў чалавека. Але фламiнгi танчылi й танчылi, не спыняючыся, хоць ужо вельмi стамiлiся i больш не маглi.
