
Каралавыя гадзюкi, заўважыўшы гэта, адразу папрасiлi ў рапух лiхтарыкi светлячкоў - i пачалi чакаць, калi фламiнгi пападаюць ад стомы.
I праўда, праз хвiлiну адзiн фламiнга настолькi знямогся, што спатыкнуўся аб кайманавую цыгару, захiстаўся i ўпаў на бок. Тут жа каралавыя гадзюкi падбеглi са сваiмi лiхтарыкамi i ярка асвяцiлi фламiнгу ногi. Убачыўшы, якiя на iм панчохi, яны так зашыпелi, што гэтае шыпенне можна было пачуць аж на другiм беразе Параны.
- Гэта не панчохi! - закрычалi гадзюкi. - Мы ведаем, што гэта! Нас падманулi! Фламiнгi пазабiвалi нашых сясцёр i замест панчох надзелi iх скуры! Iхнiя панчохi - гэта каралавыя гадзюкi!
Пачуўшы, што iх выкрылi, фламiнгi перапалохалiся. Яны хацелi паляцець i ўцячы, але так натамiлiся, што не маглi падняць нi крыла, нi нагi. А каралавыя гадзюкi накiнулiся на iх, абвiлi за ногi i зубамi падралi панчохi. У шаленстве яны падралi панчохi на шматкi i кусалi фламiнгаў за ногi, каб тыя памерлi.
Звар'яцеўшы ад болю, фламiнгi скакалi з месца на месца, але каралавыя гадзюкi не адпускалi iх ног. Урэшце, убачыўшы, што ад панчох не засталося ўжо нi кавалачка, стомленыя гадзюкi адпусцiлi фламiнгаў i пачалi папраўляць свае бальныя гарнiтуры.
Гадзюкi былi ўпэўненыя, што фламiнгi памруць, таму што прынамсi палова каралавых гадзюк, якiя кусалi, былi ядавiтыя.
Але фламiнгi не памерлi. Ратуючыся ад страшнага болю, яны пабеглi i кiнулiся ў ваду. Яны крычалi ад болю, i iхнiя ногi, якiя раней былi белыя, зрабiлiся цяпер чырвоныя ад гадзючай атруты. Мiналi днi за днямi, але пякучы агонь у крывава-чырвоных атручаных нагах у фламiнгаў не сунiмаўся.
Было гэта вельмi-вельмi даўно. Але й дагэтуль фламiнгi стаяць цэлымi днямi ў вадзе, стараючыся сцiшыць агонь, што пячэ iм ногi.
Часам яны выходзяць на бераг i ступаюць колькi крокаў па зямлi, каб пабачыць - як яно. Але боль ад атруты адразу вяртаецца, i яны бягуць назад у ваду. Часам iм пячэ так моцна, што яны падбiраюць нагу i стаяць гэтак цэлымi гадзiнамi, не могучы яе выпрастаць.
