
Аднойчы на машыне прыехаў хiрург, а разам з iм i новы парадак. Доктар зняў гiпс i, агледзеўшы ногi, папрасiў Мiлеса некалькi разоў ступiць. Пасля ён даў заключэнне, што Мiлес можа заўтра ж адпраўляцца на машыне да сваiх, не забыўшыся падзякаваць гэтай iталiйскай сям'i.
Нейкi час Мiлес заставаўся адзiн, думаючы, што трэба было б болей радавацца: ён здаровы i цяпер зможа гуляць у тэнiс або гольф, ездзiць на паляванне разам з сэрам Алiўе, танцаваць ангельскiя вальсы з Глэдзiс або з другой дзяўчынай, хадзiць па Лондане i Глазга. Мiж тым сонца над полем, пустая бутэлька над галавой - усё гэта выклiкала нейкую тугу. Што ж, прыйшоў час ад'язджаць. Ды i Луiджыiн муж хутка вернецца. Нiчога дрэннага ён не зрабiў. Хiба што пацалункi... I нечакана Мiлес падумаў, што сёння ўночы, - калi ўжо ён здаровы i вызвалiўся ад гэтага гiпсу, - сёння ўночы ён спазнае нешта iншае, чым Луiджыiны губы i пяшчотнасць.
Яна вярнулася на гарышча i зайшлася ад смеху, убачыўшы, як ён хiстка стаiць на нагах. Потым смех зацiх, i яна разглядала яго з нейкай дзiцячай трывогай. Мiлес, памарудзiўшы, сцвярджальна кiўнуў галавой:
- Луiджыя, заўтра я ад'язджаю.
Павольна, каб толькi яна зразумела, ён паўтарыў гэтую фразу два цi тры разы. Ён убачыў, як яна апусцiла вочы, i адчуў сябе дзiкай жывёлiнай. Луiджыя зноў глянула на яго, потым без слоў зняла сваю чырвоную блузку. Яе голыя плечы мiльганулi на сонцы i апынулiся ў пяшчотнай цемры пасцелi.
Назаўтра, калi ён ад'язджаў, яна плакала. Ужо з джыпа глядзеў ён на гэтую маладую жанчыну, на палi, на дрэвы, столькi разоў бачаныя-перабачаныя... Ужо ён развiтаўся i ўсё хацеў запомнiць i гэты знаёмы блiзкi пах гарышча, i вiна, што засталося вiсець на вяровачцы над яго ложкам. Мiлес безнадзейна глядзеў на смуглявую маладую жанчыну. Ужо кранулася машына, i Мiлес закрычаў, што нiколi яе не забудзе, але Луiджыя яго не разумела.
