
Ён паволi сёрбаў каву, хвалячы яе; потым падсунуў да Леаноры сподачак з пiрожнымi, зацягнуўся цыгарай. На яго твары зноў быў выраз задуменнасцi.
- Робертаў школьны таварыш? У такiм разе я павiнен яго ведаць. Яго прозвiшча часам было не Шрэла? Вы ўпэўнены?.. Hе, не, ён не курыў бы гэткай цыгары, глупства! I Вы накiравалi яго ў "Прынц Генрых"? Ну, даражэнькая Леанора, вядома, будзе вялiкая лаянка, бойка будзе. Роберту не даспадобы, калi хто ўлазiць у ягоныя прыватныя справы. Ён яшчэ малы быў такi: гжэчны, ветлiвы, iнтэлiгентны, карэктны; але калi нехта заступаў за вызначаную мяжу, ён не ведаў лiтасцi. Нават забiць мог бы. Я заўсёды яго трохi баяўся. I Вы таксама? Ах, дзiцятка, але ж ён Вам нiчога дрэннага не зробiць, будзьце разумныя. Хадзем, з'ямо чаго-небудзь разам, адсвяткуем гэткiм чынам Вашу новую пасаду i мой дзень нараджэння. Hе рабiце толькi нiякiх глупстваў. Калi ён ужо лаяўся па тэлефоне, дык нiчога больш не будзе. Шкада, што Вы не запомнiлi прозвiшча. Я i не ведаў, што Роберт падтрымлiвае зносiны з былымi школьнымi таварышамi. Ну, хадзем. Сёння субота, ён не будзе наракаць, калi Вы крыху раней скончыце работу. Адказнасць бяру на сябе.
Гадзiннiк на вежы сабора Святога Севярына акурат адбiваў дванаццатую. Леанора хуценька пералiчыла канверты, дваццаць тры, склала iх у стос, узяла ў руку. Няўжо стары пан Фэмель прабыў тут усяго паўгадзiны? Якраз бомкнуў дзесяты з дванаццацi ўдараў.
- Hе, дзякуй, - сказала яна. - Плашч не буду браць, i, калi ласка, толькi не ў "Пад iльвом".
Усяго толькi паўгадзiны; друкарскiя машыны больш не грукаталi, але з дзiка ўсё яшчэ цякла кроў.
2
Для парцье гэта зрабiлася ўжо цырыманiялам, амаль што лiтургiяй, увайшло ў яго плоць i кроў. Кожны дзень дакладна а палове дзесятай зняць з цвiка ключ, адчуць лёгкi поцiск дагледжанай сухаватай далонi, што прымала гэты ключ, убачыць
