
Парцье iнстынктыўна адчуваў нешта нядобрае ў гэтай звычцы - шторанiцы памiж паловай дзесятай i адзiнаццаццю гуляць у бiльярд у кампанii аднаго i таго гатэльнага служкi. Нядобрае альбо заганнае, супраць заганнага быў адзiн сродак: таемнасць; у яе была свая вартасць, свая крывая, таемнасць i грошы залежалi адно ад аднаго - як абсцыса i ардыната: хто браў у гэтым гатэлi пакой, той купляў сабе таемнае сумленне; вочы, якiя бачылi i адначасна не бачылi, вушы, якiя чулi i адначасна не чулi; але ад нядобрага абаранiцца не было як: не мог жа парцье не пускаць у дзверы кожнага патэнцыяльнага самагубцу, бо патэнцыяльнымi самагубцамi былi яны ўсе; з'яўляўся, напрыклад, мужчына, загарэлы, з тварам кiназоркi i сямю валiзамi, браў з усмешкай картку госця, i толькi гатэльны служка паспяваў перанесцi чамаданы ў пакой i выйсцi з яго, як мужчына выцягваў з кiшэнi плашча зараджаны i ўжо з апушчаным засцерагальнiкам рэвальвер i пускаў сабе кулю ў лоб; альбо з'яўлялася, нiбы з таго свету, iстота з залатымi зубамi, залатымi валасамi, у залатых чаравiках, ашчэрваючы зубы, нiбы чэрап: здань, якая дарэмна ўдае за раскошаю; яна замаўляла сабе ў пакой снеданне на палову адзiнаццатай, прычапляла звонку на дзверы шыльдачку: "Прашу не турбаваць", забарыкадоўвала дзверы знутры валiзамi i глытала капсулу з атрутай; задоўга перад тым, як у напалоханай да смерцi пакаёўкi падаў на падлогу паднос са снеданнем, па гатэлi ўжо кружлялi чуткi: "У дванаццатым пакоi ляжыць мярцвяк"; кружлялi яшчэ ўночы, калi апошнiя наведнiкi бара навобмацак прабiралiся да сваiх пакояў, а цiшыня за дзвярыма пакоя нумар 12 здавалася iм вусцiшнаю; былi такiя, што ўмелi адрознiць маўчанне сну ад маўчання смерцi.
