Ну, iдзi ўжо снедаць, я разбяруся тут з гэтымi бабулямi.

Нядобрае альбо заганнае - штосьцi лунала ў паветры, але Ёхэн быў занадта дабрадушны; нiколi не прадчуваў самагубства i нiколi не верыў, калi занепакоеным гасцям здавалася, што за зачыненымi дзвярыма яны могуць адрознiць маўчанне смерцi ад маўчання сну; ён удаваў з сябе падкупнага i хiтрага чалавека, але ўсё-такi верыў у людзей.

- А, хай будзе як будзе, - сказаў парцье. - Я iду снедаць. Толькi нiкога не прапускай да яго, яму гэта вельмi важна. Вось.

Ён паклаў Ёхэну на прылавак чырвоную картку: "Я ёсць толькi для маiх мацi, бацькi, дачкi, сына i пана Шрэлы больш нi для кога".

"Шрэла? - падумаў спалохана Ёхэн. - Хiба ён яшчэ жывы? Яны ж яго забiлi тады... а можа, у яго быў сын?"

Гэты водар перабiваў пахi ўсiх гатункаў тытуню, што курылi ў вестыбюлi гатэля апошнiя два тыднi; гэты водар iшоў наперадзе, як штандар: вось iду я, значны чалавек, пераможца, перад позiркам якога не вытрывае нiхто; метр восемдзесят дзевяць ростам, русыя валасы, год пад сорак пяць, гарнiтур з матэрыялу, якi носяць мiнiстры; гэтак не апраналiся бiзнесмены, прамыслоўцы, артысты; гэта была ўрадавая элегантнасць - Ёхэн адчуваў гэта нюхам: той пан выглядаў на мiнiстра, пасла - кагосьцi, чый подпiс меў амаль заканадаўчую моц; гэты чалавек праходзiў, не затрымлiваючыся, праз абабiтыя скурай, сталёвыя, нiкеляваныя дзверы прыёмных, рассоўваў плячыма, нiбы агромнiстымi снегарыйнымi плугамi, усе перашкоды, выпраменьваў вытанчаную ветлiвасць, якая, тым не менш, як было вiдаць, не жыла ў iм ад нараджэння; ён саступiў дарогу старой, якая забiрала свайго брыдкага дварняка з рук Эрыха, другога гатэльнага служкi, i нават дапамог гэтай скелетападобнай iстоце падысцi да лесвiцы i ўзяцца за парэнчы. "...Няма за што дзякаваць, шаноўная панi".

- Нэтлiнгер.

- Чым магу быць карысны, пан доктар?



24 из 279