- Я павiнен сустрэцца з панам доктарам Фэмелем. Неадкладна. Зараз жа. Па службовай справе.

Ёхэн патрос галавою, ветлiва адмаўляючы госцю, круцячы ў руках чырвоную картку. Мацi, бацька, сын, дачка, Шрэла... Нэтлiнгер не згадваўся.

- Але ж я ведаю, што ён тут.

Нэтлiнгер? Я, мусiць, ужо чуў гэтае прозвiшча? У яго твар, якi павiнен мне нагадваць пра штосьцi, чаго б я не хацеў забыць. Я чуў гэтае прозвiшча, шмат гадоў таму, i я сказаў тады сам сабе: гэтага фацэта ты павiнен запомнiць, не забудзься пра яго; але цяпер я ўжо не магу згадаць, што я павiнен быў запомнiць наконт яго. Ва ўсякiм разе, аднак: увага! Ты б самлеў, каб ведаў, чаго гэты пан паспеў ужо нарабiць; цябе да скону твайго б ванiтавала, калi б ты мусiў глядзець фiльм, якi яму пакажуць у Судны Дзень фiльм яго жыцця; гэта адзiн з тых, што загадвалi выцягваць залатыя зубы ў нябожчыкаў i абразаць дзецям валасы. Нядобрае цi заганнае? Hе, тут пахне забойствам.

I гэткiя людзi нiколi не ведалi i не ведаюць, калi трэба даць на чай; а толькi па гэтым можна пазнаць сапраўдны клас: цяпер, напрыклад, быў, можа, адпаведны момант, каб пачаставаць цыгарай, але не даваць "на чай", i ўжо ў нiякiм разе не так шмат "на чай": зялёная дваццацiмаркавая купюра, якую гэты пан, усмiхаючыся, паклаў на прылавак. Якiя ж яны дурнi, гэтыя людзi! Hе ведаюць нават самых прымiтыўных законаў абыходжання з людзьмi, найпрасцейшых правiлаў абыходжання з парцье; нiбыта ў гатэлi "Прынц Генрых" увогуле можна было прадаваць таямнiцы; быццам бы госця, якi плацiць за нумар сорак або шэсцьдзесят марак, магчыма было прадаць за зялёную "дваццатку", за "дваццатку" ад незнаёмага чалавека, адзiнае пасведчанне асобы якога - гэта яго цыгары i матэрыял ягонага гарнiтура. I вось такiя робяцца мiнiстрамi, дыпламатамi, хоць не маюць нават элементарнага ўяўлення пра найскладанейшае з усiх умельстваў - умельства падкупляць! Ёхэн змрочна страсянуў галавою i не дакрануўся да зялёнай купюры. "Правая рука iх поўная дарункаў..."



25 из 279