Неверагодна, але каля зялёнае купюры адразу ж з'явiлася блакiтная; сума пабольшала да трыццацi марак, а проста ў твар Ёхэну патыхнула моцным водарам ад хмары цыгар "Партагас-Эмiнэнтэс ".

Пыхай сабе колькi хочаш, дзьмухай мне ў твар дымам сваiх цыгараў па чатыры маркi штука i пакладзi яшчэ фiялетавую банкноту. Ёхэна не падкупiш. Hе пад сiлу гэта табе, нават за тры тысячы; няшмат людзей у сваiм жыццi я любiў, а вось гэтага хлопца люблю. Няўдала выйшла ў цябе, сябра з паважным тварам, з рукою, што прызвычаеная падпiсваць паперы; ты спазнiўся на паўтары хвiлiны. Ты ж павiнен быў унюхаць, што ў дачыненнi да мяне купюры - гэта найменш прыдатная рэч. У мяне ў кiшэнi нават ёсць натарыяльна завераны дакумент, згодна з якiм я да канца свайго жыцця маю права на маю каморку там, пад самым дахам, i на маiх галубоў; я магу замаўляць сабе на снеданне i на полудзень усё, чаго душа пажадае, i, апроч таго, атрымлiваю сто пяцьдзесят марак гатоўкаю - гэта ў тры разы больш, чым мне каштуе мой тытунь; у мяне ёсць сябры ў Капенгагене, у Парыжы, у Варшаве i ў Рыме - а каб ведаць табе, як сябруюць мiж сабою ўладальнiкi паштовых галубоў; але ж ты нiчога не ведаеш, ты думаеш, што за грошы можна мець усё; гэта - iсцiны, якiя вы самi сабе ўбiваеце ў галовы. Ну i вядома, гатэльны парцье гатовы зрабiць за грошы ўсё, што хочаш, за фiялетавую купюру прадасць табе сваю родную бабулю. Толькi адной рэчы, мой сябра, мне не дазволена тут рабiць, адно-адзiнае выключэнне абмяжоўвае маю свабоду: калi я на службе тут, унiзе, мне не дазваляецца курыць маю люльку; i я першы раз шкадую, што ёсць гэтае выключэнне: iнакш я насустрач дыму ад тваiх "Партагас-Эмiнэнтэс" пусцiў бы добрую чорную хмару... Можаш - кажучы ясна i выразна - пару сотняў ды яшчэ дваццаць сем разоў пацалаваць мяне ў с...! Фэмеля я табе не прадам. Няхай ён спакойна гуляе ад паловы дзесятай да адзiнаццацi ў бiльярд там, наверсе, хоць я прапанаваў бы яму iншы занятак, а менавiта: сядзець на тваiм месцы ў мiнiстэрстве. Альбо рабiць тое, што ён рабiў у маладыя гады: кiдаць бомбы, каб гэткаму, як ты, мяшку з г...



26 из 279