нагнаць страху. Але калi ён ужо хоча ад паловы дзесятай да адзiнаццацi гуляць у бiльярд, дык няхай гуляе, а я тут дзеля таго i стаю, i гэта мой клопат, каб яму нiхто не замiнаў. А цяпер ты можаш забраць свае грошы назад i выцерцi пасля iх прылавак, а калi ты яшчэ зараз пакладзеш якую купюру, я не ведаю i не адказваю за тое, што тут будзе. Бестактоўнасцю я ўжо сыты па вушы i таксама безгустоўнасць цярплiва вытрываў тысячы разоў; запiсваў у свой спiс парушальнiкаў i парушальнiц шлюбнага закону i педэрастаў, адпэнджваў ашалелых жонак i рагатых мужоў - i ты не думай, што я дзеля гэтага прыйшоў на свет белы. Я заўсёды быў добрым хлопцам, прыслугоўваў да iмшы - як i ты, напэўна, спяваў у харавым гуртку песнi айца Кольпiнга i святога Алаiзiя; тады мне было дваццаць, i я ўжо шэсць год як працаваў у гэтай установе. I калi я не страцiў дагэтуль веры ў чалавецтва, дык гэта толькi дзякуючы таму, што ёсць на свеце колькi такiх людзей, як малады Фэмель i яго мацi. Схавай лепш свае грошы, выцягнi з рота цыгару i пакланiся ветлiва мне, старому чалавеку, якi бачыў грахоў i заганаў куды як больш, чым ты можаш нават сабе ўявiць, дазволь i вунь таму служаку прытрымаць для цябе дзверы-круцёлку i - кацiся адсюль.

- Цi я правiльна пачуў? Ты хочаш размаўляць з метрдатэлем?

Тут ён пачырванеў, а потым пасiнеў ад злосцi. Д'ябал! Я, вiдаць, зноў падумаў уголас i, мажлiва, нават голасна звярнуўся да цябе на "ты"? Гэта было б, вядома, вельмi прыкра, недаравальная памылка, бо такiм, як Вы, людзям я нiколi "ты" не кажу.

Што я сабе дазваляю? Я стары чалавек, маю амаль семдзесят - i вось, падумаў сабе ўголас; у мяне крыху склероз, не ўсё ў парадку з галавою, i мяне баронiць пяцьдзесят першы параграф; я ж тут на ласкавым хлебе.

Абароназдольнасць? Зброя? Толькi гэтага мне яшчэ не хапала. Да метрдатэля, калi ласка, налева па калiдоры, потым другiя дзверы направа; кнiжка скаргаў у саф'янавай вокладцы. А калi б ты аднаго разу замовiў тут сабе яечню, а я ў той момант быў на кухнi - дык я палiчыў бы за гонар асабiста плюнуць у патэльню тваёй высокай асобе. А пасля ты атрымаеш маё прызнанне ў любовi ў натуральным выглядзе, змяшанае з распушчаным маслам. Калi ласка, шаноўны пане!



27 из 279