
- Але ж я ўжо сказаў вам, пане. Вунь там налева, потым другiя дзверы направа, кабiнет метрдатэля. Кнiга скаргаў у саф'янавай вокладцы. Вы жадаеце папярэдняга паведамлення? Ахвотна зраблю. Камутатар... Калi ласка, пана дырэктара, гэта парцье. Пан дырэктар, тут адзiн пан... як гэта яго прозвiшча? Нэтлiнгер... прашу прабачыць, доктар Нэтлiнгер хацеў бы тэрмiнова з Вамi пагаварыць. Якая прычына? Скардзiцца на мяне. Добра, дзякуй. Пан дырэктар вас чакае. "...Так, ёсць, шаноўная панi, сёння ўвечары феерверк i шэсце, першая вулiца налева, потым другая направа, зноў трэцяя налева, i там Вы ўбачыце шыльдачку: "Да рымскiх дзiцячых магiлак". Няма за што, заўсёды рады памагчы. Вялiкi дзякуй". Адна марка; гэтай манетай нельга грэбаваць, калi яе дае рука гэткай пачцiвай старой настаўнiцы. Паглядзi, паглядзi, як я з усмешкаю прымаю зусiм маленькiя грошы i не бяру вялiкае сумы. Рымскiя дзiцячыя могiлкi - гэта ясная рэч. Удовiным грошам пагарджаць няможна. А грашы "на чай" - гэта душа нашае прафесii.
- Так-так, вось там, за рагом... слушна.
Яны яшчэ не паспеюць вылезцi з таксi, а я ўжо ведаю, цi буду мець дачыненне з чыёйсьцi нявернасцю ў шлюбе. Я гэта чую нюхам здалёк, арыентуюся ў самых заблытаных i складаных сiтуацыях. Бываюць гэткiя зусiм нясмелыя каханкi, па якiх усё адразу вiдаць, i хочацца iм сказаць: дзецi, не засмучайцеся так: гэта ўсё ўжо было, я працую парцье ўжо пяцьдзесят гадоў i буду намагацца не рабiць вам прыкрасцей. Пакой на дзве асобы; усяго пяцьдзесят дзевяць марак восемдзесят - разам з дадаткам "на чай"; за гэта вы можаце разлiчваць на крышачку зычлiвасцi; а калi вас ужо спапяляе юр, усё-ткi, калi магчыма, не пачынайце ўжо ў лiфце... У гатэлi "Прынц Генрых" людзi кахаюцца за падвойнымi дзвярыма...
