
Яна не ведала, як ён праводзiў увесь астатнi час пасля абеду i ўвечары; ёй было вядома толькi, што кожнае ранiцы a сёмай ён ходзiць слухаць iмшу, ад паловы восьмай да васьмi сядзiць з дачкой, з васьмi да паловы дзевятай снедае, сам з сабой. Неспадзяванай кожны раз для яе была тая радасць, з якой Фэмель успрымаў вестку пра сынаў прыезд; тады ён раз-пораз расчыняў акно, выглядаў на вулiцу, узiраючыся ўдалеч аж да Мадэставай брамы; у кватэры паяўлялiся кветкi, на час сынавага побыту наймалася пакаёўка; ад узбуджанасцi ў яго чырванеў рубчык на пераноссi; у пакоях змрачнаватага дома было поўна жанчын-прыбiральшчыц, яны збiралi парожнiя пляшкi з-пад вiна i выстаўлялi iх у калiдоры - для гандляра старызнаю; бутэлек тых збiралася ўсё болей; спачатку iх ставiлi ў радкi па пяць, потым - па дзесяць штук, бо даўжынi калiдора ўжо не хапала: гэта быў цёмна-зялёны мёртвы лес-штыкетнiк, вяршынi якога яна, чырванеючы ад сваёй непрыстойнай цiкаўнасцi, пералiчыла: дзвесце дзесяць бутэлек, апарожненых за час ад пачатку мая да пачатку верасня - больш як адна штодня.
