
Настаўнiк павольна разагнуўся. Яго рукi зноў свабодна матлялiся ў шырокiх рукавах. Ён сказаў:
- Панi Марыя-Луiза вельмi чуллiвая да гэтакiх рэчаў.
- Была, - не стрымаўся Кантэн, але тут жа замаўчаў.
Настаўнiкаў твар спахмурнеў.
- Вы хочаце сказаць... - ледзь вымавiў ён.
Ён вагаўся, таму Кантэн не даў яму прадоўжыць i растлумачыў:
- Што я хачу сказаць... Урэшце, я спадзяюся, што яна такой i засталася. Проста мы так рэдка бачымся. Калi яна была малая, мы не рабiлi яшчэ ясельцаў на прыпечку. Мы бралi кардонны карабок, абразалi яго нажнiцамi, прымацоўвалi саламяную страху. Выходзiла дужа прыгожая маленькая хатка. Марыя-Луiза казала, што яна хацела б сядзець у такiм дамку ля акенца i глядзець, як падае снег. I сапраўды, яна гэта любiла. Бывала, iдзе снег, а яна сядзiць i глядзiць праз акно, як ён падае. Цэлымi днямi сядзiць i маўчыць...
Кантэн скончыў гаварыць, i зноў настала цiшыня. Але цяпер яна не была падобная на тую цiшыню, якая звычайна ўсталёўвалася, калi абодва мужчыны маўчалi. Здавалася, што да яе далучылася нешта ад той, даўнейшай цiшынi, калi тут яшчэ жыла Марыя-Луiза. Яна таксама была зiмовай, з такiм жа снегам i такiм жа небам, але ў ёй было i яшчэ нешта.
