
Марудна цягнулiся хвiлiны, на працягу якiх абодва мужчыны саромелiся ўзняць адзiн на аднаго вочы. Настаўнiк спытаў амаль шэптам:
- Вы сапраўды лiчыце, што яна ўжо не такая?
Кантэн збянтэжыўся. Адкуль ён ведаў? Хiба можна было зразумець, што з ёй сталася, па звычайных лiстах, якiя Марыя-Луiза пiсала дадому?
- Па яе лiстах, - спрабаваў ён давесцi настаўнiку, - вельмi цяжка даведацца, што яна цяпер думае пра гэта. Яна часта пiша нам пра сябе, пiша, што, магчыма, пераедзе ў Парыж.
Стары гаварыў гэта павольна, рабiў паўзы, у час якiх настаўнiк кiваў галавою, быццам згаджаючыся, i цвярдзiў адно:
- А як жа, а як жа...
I толькi калi Кантэн нарэшце замаўчаў, хлопец глыбока ўздыхнуў, быццам збiраўся сказаць нешта вельмi цяжкае. Але загаварыў ён голасам упэўненым, нават цвёрдым:
- Ведаеце, я некалькi разоў пасылаў ёй лiсты пасля вакацый... Яна мне адказвала... Нядоўга, праўда, але адказвала...
Ён апусцiў вочы i зноў уздыхнуў.
- I што, - спытаў Кантэн, - яна вам больш не пiша?
- За апошнiя два месяцы я нiчога ад яе не атрымлiваў, - панура адказаў настаўнiк.
Дэнiза слухала iх размову з вялiкай увагай. Твар яе быў напружаны, вочы блiшчалi, аднак гэты бляск патух адразу, калi на парозе з'явiлася мацi.
Кантэн моцна закашляўся, а настаўнiк ступiў да дзвярэй i сказаў:
- Пайду... Не хачу вас больш турбаваць... Да пабачэння, пан Кантэн... Да пабачэння...
Iзабэла ўжо ўвайшла ў дом, але трымала дзверы прачыненымi. I як толькi настаўнiк параўняўся з ёю, яна шырока расхiнула дзверы перад яго носам. Настаўнiк яшчэ раз няскладна павярнуўся i, звяртаючыся да ўсiх, сказаў:
- Да пабачэння... Зычу вам добрых Каляд!
3
- Добрых Каляд i добрай дарогi! Каб мароз вас памарозiў, каб ажно ў вас аблупiўся зад!
