
- Ну, калi ты ўжо гатова, - прабурчала Iзабэла, - дык прынясi два кошыкi буракоў. Я прырыхтавала iх у склепе, глядзi пад палiцаю з садавiной... I накiнь хустку! Не лета!
Дэнiза подбегам кiнулася на двор, але перад акном нечакана спынiлася. Устаўшы на дыбачкi, паглядзела праз шыбiну, якую працёр бацька, i сказала:
- Сюды нехта iдзе.
Хвiлiну памаўчала i дадала менш упэўненым голасам:
- Гэта не Марыя-Луiза, гэта настаўнiк...
Пачуўся пранiзлiвы жончын смех, i Кантэн зразумеў, што яна распачне сварку.
- Вядома, - залямантавала яна, - гэта настаўнiк! А ты хацела, каб хто гэта быў? Твая сястра не будзе iсцi ў дзевяць гадзiн ранiцы. Ты добра ведаеш, што няма цягнiка ў гэтую пару... Ну, хутчэй iдзi па кошыкi!
Дачка з неахвотаю адступiла ад акна i выйшла праз дзверы, якiя вялi проста ў склеп. Спiной да Кантэна, жонка не сцiхала:
- А гэты - нешта нейкае! Ён, можа, тады не пайшоў бы, калi б дарога была ўсланая метровым слоем гною! I то я не ўпэўнена...
Яна толькi што вымыла свае худыя, ружовыя ад гарачай мяшанкi рукi i цяпер выцiрала iх аб рушнiк, якi вiсеў побач з плiтою. Паказваючы падбародкам на дзверы, яна працягвала:
- Цяпер вакацыi, дык ён цэлымi днямi будзе вiсець над душой. Асаблiва калi тут з'явiцца Марыя-Луiза. Я гэта прадбачу, але не жадаю гэтага.
