
Яна думала пра Рырэту штовечар у аднолькавы час, якраз перад тым, як Анры ўва сне пачынаў трызнiць i енчыць. Але цяпер нешта перашкаджала, у думкi пастаянна стараўся пралезцi iншы, на нейкае iмгненне яна нават убачыла чорныя кучаравыя валасы i падумала: "Ну вось, пачынаецца", - яе прабрала дрыготка; нiколi не ведаеш, што потым выйдзе: калi твар, дык няхай яшчэ, але бывалi ночы, калi яна была няздольная заплюшчыць вачэй ад брыдкiх успамiнаў. "Гэта жудасна, калi ў мужчыне ведаеш усё, асаблiва гэта. З Анры ўсё iначай, я яго магу ўяўляць з галавы да ног, i мяне гэта адно замiлоўвае: ён такi млявы, мяккi, i цела ў яго бясколернае, шэрае, толькi жывоцiк ружовенькi; ён кажа, што ў добра складзенага мужчыны, калi ён сядзiць, на жываце павiнна быць тры складкi, а ў яго iх шэсць, толькi ён лiчыць кожную другую i не хоча заўважаць астатнiя". Раптам яна ўспомнiла пра Рырэту, i ёй зрабiлася прыкра: "Люлю, вы яшчэ не ведаеце, што такое прыгожае мужчынскае цела". Смех, натуральна - ведаю; яна, вядома ж, мае на ўвазе - цвёрдае, як камень, з маслакамi, а мне такое не падабаецца, у Патэрсана было такое, дык я, калi ён мяне сцiскаў, адчувала сябе як нейкi вусень; за Анры я таму i пайшла, што ён мяккi i нагадвае свяшчэннiка; усе свяшчэннiкi - такiя пухленькiя, як жанчынкi, асаблiва ў сваiх сутанах, можна нават падумаць, што ў iх на нагах панчохi; памятаю, калi мне было пятнаццаць, мне ўвесь час карцела пацiху задзерцi iм расу i паглядзець на iх мужчынскiя ногi i на майткi - мяне, напэўна, вельмi здзiвiла б, каб у iх там нешта было, памiж ног; адной рукою я трымала б сутану, а другою ласкава так павяла б уверх, уздоўж ног - туды, куды ўсе разумеюць; урэшце, мне не тое каб вельмi падабалiся жанчыны, але гэтая мужчынская штуковiна, калi яна пад плаццем, - яна такая пяшчотненькая, як вялiкая кветка, а галоўнае - яе нiколi па-сапраўднаму немагчыма ўзяць у рукi; каб яна хоць магла паляжаць спакойна, дык не - адразу пачынае варушыцца, як нейкi звярок, i цвярдзее, мяне гэта заўсёды палохае; калi яно цвёрдае i прамое, як палка, яно адразу робiцца грубым i жорсткiм; каханне ўсё-такi жудасная брыда!