Як бы мне хацелася яе пабiць, мне заўсёды карцiць зрабiць ён балюча, таму што яна тлустая". Гэта было б злачынства... "Яна тады падняла руку, i я ўбачыла яе падпаху; мне заўжды падабаецца, калi на ёй нешта без рукавоў, каб рукi былi голыя". Падпаха. Яна разявiлася, як рот, i Люлю ўбачыла шызае, трошкi пакамячанае зморшчынкамi цела, пакрытае кучаравенькiмi валосiкамi, падобнымi да завiтай прычоскi. П'ер называе яе "пухлявенькая Мiнерва", ёй гэтая мянушка страшэнна не падабаецца". Люлю ўсмiхнулася, прыгадаўшы свайго малодшага брацiка, Рабэра, - як ён аднойчы спытаў, убачыўшы яе ў камбiнацыi: "Чаму ў цябе валасы пад рукамi?" - а яна яму адказала: "Гэта такая хвароба". Яна любiла апранацца перад брацiкам, бо ў яго заўсёды ўзнiкалi забаўныя думкi. "Цiкава, i дзе ён iх толькi знаходзiць?" Ён перабiраў усе Люлюiны рэчы, клапатлiва складаў сукенкi, у яго такiя спрытныя рукi, пазней з яго выйдзе вялiкi кравец. "А што, цудоўнае рамяство, а я буду яму маляваць тканiны. Забаўна ўсё-такi, каб дзiцё марыла зрабiцца краўцом; каб я была хлопец, дык я, напэўна, хацела б быць даследчыкам цi акторам, але ўжо не краўцом; але ён заўсёды быў летуценнiк, не надта гаваркi, нешта думае ўвесь час сваё; а я хацела б быць мнiшкай - каб хадзiць i збiраць ахвяраваннi па розных прыгожых маёнтках. Я адчуваю, як вочы ў мяне мякчэюць i ўсё цела таксама, зараз засну. Уяўляю сабе мой прыгожы бледны твар пад вялiкiм каптуром, вось калi б у мяне быў далiкатны i добра выхаваны выгляд. Я ўваходзiла б у сотнi цёмных перадпакояў. Але пакаёўка амаль адразу запальвала б святло, i я бачыла б фамiльныя карцiны з партрэтамi, бронзавыя статуэткi на столiках з гнутымi ножкамi. I вешалы. Да мяне выходзiла б панi, з маленькаю запiсной кнiжачкай i банкнотай на пяцьдзесят франкаў: "Вазьмiце, сястра мая". - "Дзякую, васпанi, няхай дапаможа вам Бог. Да пабачэння". Але я была б не сапраўдная мнiшка. У аўтобусе я часам пачынала б строiць вочкi якому-небудзь тыпчыку: ну, ён спачатку слупянеў бы, вядома, а пасля чапляўся б да мяне на вулiцы i мянцiў розную лухту - тады я нацкоўвала б на яго палiцэйскага i яго забiралi б.


6 из 37