
А ахвяраваныя грошы я пакiдала б сабе. Што б я на iх купляла? СУПРАЦЬЯДДЗЕ. Iдыятызм". Вочы размякаюць - прыемна, быццам iх абмакнулi ў ваду, i ва ўсiм целе такая ўтульнасць. Прыгожая зялёная папская карона, са смарагдамi i ляпiс-лазуркам. Яна пачала круцiцца, круцiцца i раптам абярнулася жудаснай бычынаю галавой; але Люлю гэта не спалохала, яна толькi прамармытала: "Ратуся... каслацёр... усё". Сярод бясплодных палёў марудна цякла доўгая чырвоная рака. Люлю ўспомнiлася ручная мясарубка, потым брыльянцiн. "Гэта было б злачынства!" Яна аж падскочыла i ўся напружылася, уперыўшыся злымi вачыма ў цемру. "Яны катуюць мяне, няўжо iм гэта няясна? Я выдатна разумею, што Рырэта робiць усё з сама добрымi намерамi, але калi ўжо яна такая разумная з iншымi, дык павiнна ж яна зразумець, што i мне трэба падумаць. Як ён заявiў: "Прыйдзеш!" - i паглядзеў такiмi вачыма - як вуголле. "Паедзеш са мной, да мяне, я хачу, каб ты ўся мне належала". Ненавiджу яго гэтыя вочы, калi ён строiць з сябе гiпнатызёра; так мне цiскаў руку - як цеста мясiў; калi толькi ўбачу гэтыя вочы, дык заўсёды чамусьцi прыгадваюцца валасы ў яго на грудзях. "Прыйдзеш. Я хачу, каб ты ўся належала мне", - як гэта можна казаць падобныя рэчы? Я ж яму не сабака.
А я тады села i ўсмiхаюся: раней яшчэ спецыяльна напудрылася, вочы падвяла - ён жа гэта любiць, - а гэты нiчога нават не заўважыў; ён, па-мойму, наогул глядзiць не на твар, а толькi на грудзi; вось бы я хацела, каб яны ў мяне ссохлiся - каб яго пазлаваць; праўда, яны i так у мяне невялiкiя, лiчы, нават маленькiя... "Паедзеш са мной, у Нiцу, на маю вiлу". Кажа, яна ў яго белая, з мармуроваю лесвiцай. Насупраць самага мора. I яшчэ кажа: "Будзем хадзiць там цэлы дзень голыя". Забаўна, вiдаць, сябе адчуваеш, калi ўвесь голы iдзеш па лесвiцы; няхай падымаецца першы, каб на мяне не глядзеў, а то я нагi не змагу падняць, буду толькi слупом стаяць i марыць, каб ён аслеп; але што гэта зменiць: калi ён побач, у мяне заўсёды такое ўражанне, быццам я голая.