Пан Лявiнь пастукаў нагою ў века i крыкнуў:

- Пан прускi афiцэр!

Немец не адгукнуўся.

- Пан прускi афiцэр! - зноў аклiкнуў камендант.

Глухое маўчанне. Дваццаць хвiлiн заклiкаў ён знямелага афiцэра здацца разам са зброяй i рыштункам, абяцаючы жыццё яму i яго салдатам i па-воiнску пашанаваць iх, а ў адказ анiякай праявы нi мiрных, нi варожых намераў. Становiшча ўскладнялася.

Дабравольцы патупвалi ў снезе, з размаху ляпалi сабе рукамi па плячах, як гэта робяць фурманы, каб сагрэцца, паглядвалi на прадуху, i ў iх усё нарастала спакуслiвае свавольнае жаданне прабегчы паўз яе.

Урэшце адзiн, Патдэвэн, дужа рухавы дзяцюк, рызыкнуў. Ён сабраўся з духам i, як алень, прамчаўся мiма прадухi. Спроба ўдалася. Вязнi, здавалася, сканалi.

- Ды там нiкога няма! - крыкнуў нехта.

Тады яшчэ адзiн салдат прабег перад небяспечнай шчылiнай. I гэта ператварылася ў забаву. Раз-пораз, то адзiн дзяцюк, то другi стрымгалоў нёсся ад адной групы людзей да другой - гэтак дзецi ганяюцца наперагонкi - i так хутка перабiраў нагамi, што толькi камякi снегу ляцелi ва ўсе бакi. Каб сагрэцца, апалчэнцы распалiлi вялiкiя вогнiшчы з сушняку, i пры перабежцы з аднаго лагера ў другi постаць бегуна асвятлялася полымем.

- Цяпер давай ты, Малуазон! - пачуўся нечы голас.

Малуазон быў таўстун булачнiк, з яго чэрава вечна насмiхалiся таварышы.

Таўстун завагаўся. Пасыпалiся кепiкi. Тады ён набраўся адвагi i пабег, задыхана сапучы, дробным размераным трушком, ад якога трэслася яго пуза.

Увесь атрад рагатаў да слёз.

- Брава, брава, Малуазон! - крычалi апалчэнцы, каб падбадзёрыць бегуна.

Ён адолеў амаль дзве чвэрцi свайго шляху, як раптам з прадухi шуганула доўгая чырвоная пасма полымя. Грымнуў стрэл, i грузны булачнiк з дзiкiм крыкам паляцеў потырч у снег.

Нiхто не кiнуўся яму на дапамогу. Усе няўцямна глядзелi, як ён поўз на карачках па снезе i стагнаў, а калi прамiнуў страшную мясцiну - страцiў прытомнасць.



9 из 11