- Ды... цi можна такое казаць... цi ж можна такое казаць... якую хлусню выдумляюць, каб зганьбiць сумленнага чалавека! Цi ж можна такое казаць!..

Але колькi ён нi пратэставаў, усё было дарма, яму не верылi.

Яму зрабiлi вочную стаўку з Маляндэнам, i той паўтарыў i пацвердзiў свае словы. Яны лаялiся i бэсцiлi адзiн аднаго добрую гадзiну. Па асабiстай просьбе Ашкорна абшукалi. Але нiчога не знайшлi.

Нарэшце, дужа расчараваны, мэр мусiў яго адпусцiць, але папярэдзiў, што перадасць справу пракурору i будзе чакаць яго рашэння.

Навiна хутка разышлася. На выхадзе з мэрыi старога абступiў натоўп, усiм было цiкава, у яго распытвалi - хто сур'ёзна, хто з усмешкай, але без абурэння. I тады ён пачаў расказваць гiсторыю з вяроўкай. Яму не давалi веры. Усе толькi смяялiся.

Ён iшоў па вулiцах мястэчка, яго ўвесь час спынялi, ён сам спыняў сваiх знаёмых i ўжо каторы раз паўтараў сваю споведзь, апраўдваўся i выварочваў кiшэнi, каб давесцi, што ў яго нiчога няма.

Яму казалi адно:

- Iдзi, iдзi, стары шэльма.

Гэта яго злавала, ён нерваваўся, кiпеў, кiдаўся ў роспач ад таго, што яму не вераць, i, не ведаючы, што рабiць, зноў i зноў паўтараў сваё.

Цямнела. Трэба было вяртацца дахаты. Ён рушыў у дарогу з трыма сваiмi суседзямi i паказаў iм тое месца, дзе падабраў вяроўку. Увесь час, пакуль яны iшлi, ён толькi i гаманiў пра сваю бяду.

Позна вечарам, калi яны вярнулiся ў вёску, ён абышоў усе двары ў Брэатэ i ўсiм расказваў пра сваё няшчасце. Яго слухалi з недаверам.

Ён пакутаваў праз гэта ўсю ноч.

На другi дзень, прыкладна а першай гадзiне дня, Марыюс Памэль, парабак iмавiльскага фермера Брэтона, вярнуў пулярэс з усiм, што там было, яго ўладальнiку, пану Ульбрэку з Манвiля.

Хлопец запэўнiваў, што сапраўды знайшоў гэтую рэч на дарозе, але таму, што сам чытаць не ўмеў, занёс яе дадому i паказаў гаспадару.

Навiна абляцела ўсё наваколле. Стары Ашкорн даведаўся пра гэта таксама. Ён адразу пачаў хадзiць па вёсцы i зноў расказваў усiм сваю гiсторыю, да якой дадаваў цяпер шчаслiвы канчатак. Ён трыумфаваў.



5 из 7