
- I што мяне асаблiва засмучала, - казаў ён, - дык гэта, разумееце, не так тое, што мяне там у нечым вiнавацiлi, як што ўсё гэта быў чысты паклёп. Няма нiчога горшага, як цябе пачынаюць вiнавацiць праз усялякую хлусню.
Увесь дзень ён гаварыў пра сваю прыгоду. Ён расказваў яе тым, хто сустракаўся яму на дарозе, тым, хто пiў побач з iм у карчме, а ў нядзелю парафiянам, якiя выходзiлi з царквы. Ён спыняў нават незнаёмых. Нарэшце стары нiбыта супакоiўся, хоць у душы яго па-ранейшаму яшчэ нешта турбавала. Яго слухалi з прыхаванай усмешкай. Яго словы быццам нiкога не пераконвалi. I яму здавалася, што людзi за яго спiнай тайком перашэптваюцца.
На другi тыдзень, у аўторак, ён iзноў пайшоў на Гадэрвiльскi кiрмаш, адзiная патрэба штурхала яго - расказаць сваю гiсторыю.
Калi ён праходзiў паўз рымараў дом, Маляндэн, якi стаяў на ганку, убачыў яго i засмяяўся. Чаго?
Ён пачаў быў расказваць сваю гiсторыю аднаму фермеру з Крыкто, але той не даў яму скончыць i, ляпнуўшы па пузе, кiнуў проста ў твар: "До ўжо табе, хiтры шэльма, iдзi!" - i павярнуўся да старога спiнай.
Дзядзька Ашкорн збянтэжыўся ад нечаканасцi, i яго хваляванне яшчэ больш павялiчылася. Чаму гэта яго назвалi "хiтрым шэльмаю"?
Седзячы за сталом у шынку ў Журдэна, ён iзноў пачаў тлумачыць, як яно было.
Нейкi гандляр коньмi з Манцiвiлье крыкнуў:
- Ну ўжо, ну, стары круцель, ведаю я, што гэта была за вяровачка!
Ашкорн прамармытаў:
- Але яго ж знайшлi, пулярэс гэты.
Але той не сцiхаў:
- Маўчы ўжо, дзядзька! Адзiн знайшоў - адзiн аддаў, i шыта-крыта, камар носу не падаткне.
У селянiна ажно заняло дых. Нарэшце ён сцямiў. Яго абвiнавачвалi ў тым, што ён аддаў пулярэс свайму прыяцелю-хаўруснiку, каб той занёс яго ў мэрыю.
Ён пачаў быў пярэчыць, але за сталом усе толькi зарагаталi.
