
- Ведаеш, Джэнi, мажлiва, я не буду тэлефанаваць табе некалькi месяцаў.
Нейкi час яна маўчала. Нарэшце папыталася:
- Чаму?
- А можа, пазваню, як толькi ўвайду ў свой пакой. - Я павярнуўся i хутка пайшоў.
- Нiколi не думала, што ты такi, - прашаптала яна ўслед з крыўдаю.
Я зноў павярнуўся i зрабiў пераможны кiдок па брамцы:
- Што, не даспадобы? А сама дык з iншымi гэта любiш!
Мне страшна хацелася азiрнуцца яшчэ раз i паглядзець, якi ў яе цяпер выраз твару, аднак я не зрабiў гэтага з тактычных меркаванняў.
Калi я ўвайшоў у наш iнтэрнацкi нумар, мой сусед Рэй Стратан гуляў у покер з хлопцамi з ягонай футбольнай каманды.
- Прывiтанне, бегемоты!
Мне штосьцi мыкнулi ў адказ. Потым:
- З чым цябе сёння павiншаваць, Олi?
- Гол i перадача.
- Мы наконт Кавiлеры.
- Не ваша справа, - адрэзаў я.
- Хто такая? - запытаўся адзiн з гiпапатамаў.
- Джэнi Кавiлеры, - растлумачыў яму Рэй, - худзенькая такая музыкантка.
- А, ведаю, - сказаў трэцi. - Апетытненькая.
Не зважаючы на гэтых мужланiстых казлоў, я разблытаў тэлефонны шнур i панёс апарат у сваю спальню.
- Яна грае на фартэпiяна ў Бахаўскiм таварыстве, - сказаў астатнiм Стратан.
- А ў што яна грае з Барэтам?
- Цяжка ўгадаць!
Ухмылкi, рохканне, рогат.
- Джэнтльмены! - аб'явiў я, выходзячы. - Я вас меў!
Грымнуўшы дзвярыма перад новай хваляю нечалавечага слоўнага паносу, я скiнуў чаравiкi, узлез на ложак i набраў нумар Джэнi.
Размаўлялi мы шэптам:
- Эй, Джэн...
- Алё?
- Мне трэба нешта табе сказаць...
Я завагаўся. Яна чакала.
- Мне здаецца... Я кахаю цябе.
Маўчанне. Потым яна адказала вельмi цiха:
