Божа! Джэнi ж, напэўна, чакае мяне на дварэ. Дакладней, я спадзяваўся, што чакае. Божа! Колькi ж часу пракайфаваў я ў гэтай цеплынi, пакуль яна мерзла? Адзяваючыся, я паставiў новы рэкорд хуткасцi. Дзверы цэнтральнага ўваходу ў Дзiлан я расчынiў яшчэ не абсохлы.

У твар мне ўдарыла халоднае паветра. Ну i калатун! А цемрадзь, хоць пальцам у вока. Непадалёк усё яшчэ тусавалася жменька фанаў - сама стойкiх, у бальшынi сваёй былых гульцоў гарвардскай хакейнай зборнай, якiя ў душы так i не развiталiся з клюшкамi. Хлопцы накшталт старога Джордана Джэнкса, якi не прапускае анiводнае гульнi Гарварда - нi дома, нi ў гасцях. I як ён толькi ўхiтраецца гэта рабiць? Ён жа буйны банкiр. I навошта яму гэта трэба?

- Дасталося табе сёння, Олiвэр!

- Было, мiстэр Джэнкс. Самi бачылi, у якi хакей яны гуляюць.

Я шнарыў вачыма вакол у пошуках Джэнi. Няўжо яна вярнулася ў iнтэрнат i ўсю дарогу да Рэдклiфа прайшла адна?

- Джэнi! - паклiкаў я i ступiў колькi крокаў у бок ад заўзятараў, адчайна спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у цемры.

Раптам яна выйшла з-за дрэва. Твар яе быў ухутаны ў шалiк, адны вочы былi вiдаць.

- Эй, падрыхтунчык, тут страшэнная халадэча.

Як я быў рады бачыць яе! Усклiкнуўшы: "Джэнi!" - падбег да яе i дакрануўся вуснамi да яе халоднага лба.

- Хiба я табе дазволiла? - спыталася яна.

- Што?

- Хiба я дазволiла табе пацалаваць мяне?

- Прабач. Захапiўся.

- А я не.

Мы засталiся зусiм адны. Было цёмна, халодна i позна. Я зноў пацалаваў яе. Але ўжо не ў лоб - i моцна. Пацалунак быў доўгi.

- Мне гэта не падабаецца, - прамармытала Джэнi; усё яшчэ трымаючы мяне за рукавы.

- Што?

- Што мне гэта падабаецца.

Усю дарогу назад (у мяне ёсць машына, але Джэнi захацела iсцi пешкi) яна трымала мяне за рукаў. Не за руку, а за рукаў. Не ведаю, як гэта i растлумачыць. Ля дзвярэй iнтэрната цалаваць яе на развiтанне я не стаў.



9 из 81