- Iдзi ты... ведаеш куды!.. - I павесiла слухаўку.

Я не пакрыўдзiўся. I нават не здзiвiўся.

3

У гульнi з Корнэлам мне намялi бакi.

Увогуле, я сам быў вiнаваты. У напале барацьбы я здуру абазваў iх нападнiка-цэнтравiка "смярдзючым канадцам", зусiм забыўшыся на тое, што канадцаў у iхняй камандзе чацвёра... А ўсе чацвёра былi гарачымi патрыётамi i дужымi хлопцамi, ды яшчэ i на слых не скардзiлiся. Мала таго што мяне як след нагрэлi, дык яшчэ i выдалiлi. I не проста выдалiлi, а ўляпiлi за бойку аж пяць хвiлiн. Чулi б вы, як мяне асвiсталi корнэлскiя фаны, пачуўшы аб'яву аб маiм выдаленнi! Нашых небагата прыцягнулася ў такую ямiну, як Iтака, Ню-Ёрк, хоць гэта i быў вырашальны матч на першынство ўнiверсiтэтаў Новай Англii. Пяць хвiлiн! Калi я сядаў на лаўку штрафнiкоў, дык добра бачыў, як iрве на сабе валасы наш трэнер.

Джэкi Фэлт стрымгалоў прымчаўся да мяне. Толькi тут я заўважыў, што ўся мая правая шчака ператварылася ў крывавае месiва. "Божа, - мала не стагнаў Джэкi, водзячы па iм кроваспыняльным алоўкам. - Божа, Олi!"

Я сядзеў моўчкi i тупа глядзеў перад сабою. Мне было сорамна глядзець на пляцоўку, дзе тым часам хутка спраўджвалiся найгоршыя мае чаканнi: Корнэл закiнуў нам шайбу. Фаны ў чырвоным зараўлi, завылi, заўлюлюкалi. Лiк зраўняўся. Цяпер Корнэл меў усе шанцы выйграць матч, а з iм i першынство. А я ж яшчэ адседзеў толькi палову штрафу!

На процiлеглай трыбуне, дзе сядзелi нешматлiкiя гарвардцы, панавала цяжкае маўчанне. На мяне ўжо забылiся i свае, i чужыя заўзятары. Толькi адзiн глядач па-ранейшаму не адрываў вачэй ад лаўкi штрафнiкоў. Але, ён быў тут. "Калi нарада перапынiцца своечасова, я пастараюся прыехаць у Корнэл". Сярод гарвардскiх фанаў сядзеў - вядома, паважна - Олiвэр Барэт III.

Цераз ледзяны правал Стары Стод моўчкi i абыякава назiраў, як заклейваюць пластырам апошнюю крывавую рану на твары яго адзiнага сына. Цiкава, што ён думаў у гэтую хвiлiну? "Тш, тш, лягчэй!" - што-небудзь такое? "Олiвэр, калi ты так любiш бiцца, дык чаму табе не заняцца боксам?" - "У Эксэтэры няма баксёрскай каманды, бацька". - "Бадай, мне не варта хадзiць на твае гульнi". "Ты думаеш, я б'юся, каб задаволiць цябе?" - "Ну, я не сказаў бы задаволiць".



11 из 81