
Але хто-небудзь можа ўгадаць, пра што ён думае? Олiвэр Барэт III - гэта хадзячая гара, якая часам загаворвае. Стод.
Зусiм верагодна, што мой бацька аддаваўся цяпер свайму любiмаму занятку самалюбаванню. Глядзiце на мяне, тут так мала сёння гарвардскiх заўзятараў, i тым не менш адзiн з iх - я! Я, Олiвэр Барэт III, выключна заняты чалавек, у мяне столькi банкаў, i ўсiмi трэба кiраваць, i чаго толькi яшчэ не трэба мне рабiць, i ўсё ж такi я знайшоў час прыехаць у Корнэл на нейкi нiкчэмны хакейны матч. Ну хiба гэта вас не ўражвае? (Каго?)
Трыбуны зноў зараўлi, гэты раз яшчэ з большым шалам. Нам зноў забiлi. А мне адпачываць тут яшчэ дзве хвiлiны. З чырвоным ад злосцi тварам Дэйвi Джонстан пакацiўся да нашае брамкi. Ён праехаў зусiм побач, але нават не зiрнуў на мяне. У вачах у яго былi слёзы! Ну, добра, я разумею, рашучы матч i ўсё такое, але, Божа ты мой, - слёзы? I тут я ўспомнiў пра неверагодную серыю Дэйвi, нашага капiтана: сем гадоў на пляцоўцы - i анiводнага прайгранага матча - за каледж, за ўнiверсiтэт! Ён стаў ужо паданнем. А цяпер ён вучыўся на апошнiм курсе. I для яго гэта была апошняя важная гульня.
Якую мы прайгралi 3:6.
Пасля матча мяне прасвяцiлi рэнтгенам. Усе косцi былi цэлыя. Потым доктар наклаў на маю правую скулу дванаццаць швоў. Пакуль ён гэта рабiў, Джэкi Фэлт хадзiў па кабiнеце, расказваючы корнэлскаму хiрургу, як няправiльна я харчуюся i што сённяшняй траўмы магло б i не быць, калi б я рэгулярна глытаў саляныя пiлюлi. Доктар яго праiгнараваў, а мяне строга папярэдзiў, што я ледзь не пашкодзiў "сценку арбiты" (ох ужо гэтыя медычныя тэрмiны!) i што сама лепшае для мяне - не выходзiць на лёд не меней як тыдзень. Я падзякаваў за параду. Доктар пайшоў. Яго пераследаваў Фэлт, спрабаваў разгаварыць наконт дыеталогii. Я быў рады, што застаўся адзiн.
