
Я нетаропка прыняў душ, стараючыся не мачыць твару. Дзеянне навакаiну пачало слабець, але адчуванне болю было мне нават прыемнае. Я хачу сказаць: я ж сапсаваў усю справу. Першынство мы завалiлi, нашую бяспройгрышную серыю таксама (усе, хто быў цяпер на апошнiм курсе, не прайгравалi нiколi), не кажучы ўжо пра сямiгадовую серыю Джонстана. Мажлiва, не толькi я быў у гэтым вiнаваты, але цяпер мне здавалася: толькi я.
Раздзявальня была пустая. Хлопцы, мабыць, ужо ў матэлi. Мяркуючы па ўсiм, нiхто не хацеў мяне бачыць або размаўляць са мною. З гаркатою ў роце - мне было так пагана, што я нават адчуваў гэта на смак - я запхнуў свае шмоткi ў валiзку i выйшаў на двор. Жменька гарвардскiх заўзятараў мерзла на ледзяным ветры, якi прадзiмаў пустэльны завулак.
- Як скула, Барэт?
- Дзякуй, нiчога, мiстэр Джэнкс.
- Табе, бадай, не зашкодзiў бы цяпер сыры бiфштэкс, - сказаў другi знаёмы голас.
Так мовiў Олiвэр Барэт III. Наколькi гэта ў ягоным стылi - прапанаваць бабулiн сродак ад сiняка пад вокам.
- Дзякуй, бацька, - сказаў я. - Доктар ужо пра ўсё паклапацiўся. - Я паказаў на марлевую нашлёпку, пад якой была схаваная доктарава работа.
- Я хацеў сказаць, табе трэба падсiлкавацца, сын.
За абедам памiж намi адбылася адна з нашых звычайных "антыразмоў", як я iх называю. Усе яны пачынаюцца тым самым пытаннем: "Ну, як ты, сын?" - i тым самым пытаннем заканчваюцца: "Я магу для цябе што-небудзь зрабiць?"
- Ну, як ты, сын?
- Выдатна, сэр.
- Што, балiць? - кiўнуў ён на маю разбiтую шчаку.
- Не, сэр.
Боль рабiўся пякельным.
- Я скажу Джэку Ўэлсу, каб ён паглядзеў цябе ў панядзелак.
- Не трэба, бацька.
- Ён добры спецыялiст...
- Корнэлскi доктар таксама не ветэрынар, - заўважыў я, спрабуючы прыцiшыць снабiсцкi энтузiязм, з якiм бацька заўсёды гаварыў пра ўсялякiх спецыялiстаў, экспертаў ды iншых "найлепшых людзей".
