- Шкада, - сказаў Олiвэр Барэт III, спрабуючы, як я спачатку падумаў, пажартаваць. - Рана ў цябе проста зверская.

- Маеце рацыю, сэр. - (Можа, тут трэба было засмяяцца?)

I раптам мне прыйшла ў галаву думка: цi не хацеў ён сваiм квазiжартам перадаць мне сваю незадаволенасць маiмi дзеяннямi на лёдзе?

- Цi ты хацеў сказаць, што я паводзiў сябе сёння як звер?

На твары ў яго адбiлася нешта накшталт задавальнення з прычыны таго, што я пацiкавiўся ягонай думкаю на гэты конт. Аднак ён проста сказаў:

- Ты сам загаварыў пра ветэрынараў.

Тут я вырашыў заняцца вывучэннем меню. Калi прынеслi гарачае, Стод пачаў адно з сваiх даўно ўжо абрыдлых мне казанняў: гэтым разам, калi я правiльна памятаю (а запамiнаць я не стараўся), адносна перамог i паражэнняў. Ён зазначыў, што мы страцiлi чэмпiёнскi тытул (брава, тата, глыбокае назiранне!), аднак галоўнае ў спорце - не выйгрыш, а сама гульня. Апошняе меркаванне падазрона нагадала перафразаваны алiмпiйскi дэвiз, i я адчуў, што гэта толькi ўверцюра i што зараз ён пусцiцца разважаць пра тое, якое, па сутнасцi, смяхоцце - гэтае ўнiверсiтэцкае першынство. Аднак я не збiраўся пракладваць яму сцяжынкi да алiмпiйскiх успамiнаў. Выдаўшы належную партыю маiх: "Але, сэр" - я змоўк.

Потым мы прайшлiся па ўсiм дыяпазоне ўлюбёнай Стодавай антытэмы, якая называецца "мае планы".

- Скажы мне, Олiвэр, што ў цябе з юрыдычнай школаю?

- Пакуль яшчэ, бацька, я цвёрда не вырашыў наконт юрыдычнай школы.

- Я хацеў бы ведаць iншае: цi вырашыла юрыдычная школа наконт цябе?

Яшчэ адзiн досцiп? Можа, мне трэба ўсмiхнуцца ў адказ на гэтыя рытарычныя практыкаваннi?

- Пакуль што не ведаю, сэр.

- Я мог бы патэлефанаваць Прайсу Цымерману...

- Не трэба! - перапынiў я, падпарадкоўваючыся iмгненнаму рэфлексу. Прашу, не трэба, сэр.

- Не дзеля таго, каб паўплываць на некага, - з годнасцю сказаў О.Б.III. Проста навесцi даведкi.



14 из 81