
Яблычны пiрог таксама быў чэрствы.
Каля паловы дванаццатай я правёў яго да машыны.
- Я што-небудзь магу зрабiць для цябе, сын?
- Не, сэр. Дабранач, сэр.
I ён паехаў.
Хоць памiж Бостанам i Iтакай, штат Ню-Ёрк, лётаюць самалёты, Олiвэр Барэт III вырашыў ехаць на машыне. Не таму, што хацеў паказаць, што ён гатовы праседзець за рулём некалькi гадзiн дзеля таго, каб убачыць сына. Проста ён любiць вадзiць машыну. Хутка ехаць. А ў такi познi час ды яшчэ на "Астан Марцiн ДБС" можна несцiся што чорт. Ён пэўна вырашыў пабiць свой уласны рэкорд хуткасцi на адрэзку Iтака - Бостан, устаноўлены iм летась, пасля таго як мы перамаглi Корнэл i выйгралi першынство. Я не сумняваўся ў гэтым, бо бачыў, як ён зiрнуў на гадзiннiк перад ад'ездам.
Я вярнуўся ў матэль патэлефанаваць Джэнi. Гэта была мая адзiная прыемная хвiлiна за ўвесь вечар. Я расказаў Джэнi пра бойку (не ўдакладняючы характару прычыны вайны), i магу сказаць, што гiсторыя ёй спадабалася. Мала хто з яе вытанчаных сяброў-музыкантаў мог пахвалiцца тым, што хоць раз у жыццi пускаў у ход кулакi.
- Але ж ты хоць даў як след таму корнэльцу, што цябе ўдарыў? - запыталася яна.
- Вядома, яшчэ як! Месца жывога на iм не пакiнуў.
- Шкада, што я не бачыла. Можа, ты паб'еш каго-небудзь на матчы ў Ейлi?
- Абавязкова.
Я ўсмiхнуўся. Як яна любiла простыя забавы!
4
- Джэнi тэлефануе ўнiзе, - сказала мне дзяўчына, што дзяжурыла на ўваходзе ў iнтэрнат, хоць я i не паспеў назваць нi сябе, нi мэты свайго наведвання...
Я хутка зрабiў выснову, што гэта ачко на маю карысць. Дзяўчо пэўна чытае ўжо "Крымсан" i ведае, хто я такi. Ну, да славы нам не прывыкаць. Нашмат важней тое, што Джэнi расказала тут, з кiм яна сустракаецца.
- Дзякуй, - сказаў я. - Я пачакаю тут.
- Шкада, што ў Корнэле так выйшла, - загаварыла дзяўчо. - "Крымсан" пiша, на цябе аж чацвёра накiнулiся.
