
- Ага. I мяне яшчэ выдалiлi. На пяць хвiлiн.
- Ого...
- Джэнi яшчэ тэлефануе?
- Тэлефануе, - адказала яна, зiрнуўшы на свой камутатар.
Цiкава, што гэта за суразмоўца, якому ёй не шкада падарыць некалькi дарагiх хвiлiн нашага спаткання? Якi-небудзь музыканцiк? Я ведаў, што нейкi Марцiн Дэвiдсан, студэнт апошняга курса Адамс-каледжа i дырыжор аркестра Бахаўскага таварыства, прэтэндуе на выключную ўвагу Джэнi. Праўда, у платанiчным сэнсе. Не думаю, каб гэты маладзён мог падняць што-небудзь цяжэйшае за дырыжорскую палачку. Так цi iнакш, я не пацярплю, каб у мяне адбiралi мой час.
- Дзе гэтая тэлефонная будка? - спытаўся я ў дзяжурнай.
- У холе, за рагом, - паказала яна рукою, куды iсцi.
Я павольна ўвайшоў у прасторны хол i яшчэ здалёк убачыў Джэнi. Дзверы будкi яна пакiнула незачыненыя. Я iшоў павольна, гультаявата пазiраючы па баках, спадзеючыся, што яна заўважыць мяне, убачыць усе мае пластыры i, кiнуўшы слухаўку, кiнецца мне на шыю. Але я быў ужо побач з будкаю, i да мяне даляцелi абрыўкi размовы:
- Але. Ну, так. Абавязкова. О, я таксама, Фiл. Я так цябе люблю!
Я ўсё роўна як здранцвеў. З кiм яна гаворыць? Гэта быў не Дэвiдсан - таго завуць не Фiл. Я ўжо даўно разведаў пра яго ўсё, што мог, па ўнiверсiтэцкiх спiсах: "Марцiн Юджын Дэвiдсан. Факультэт музыкi i мастацтваў. Хатнi адрас: Ню-Ёрк, Рывэрсайд-драйв, 70. Вышэйшая школа музыкi i мастацтваў". Мяркуючы па фатаграфii, гэта быў чуллiвы i недурны хлопец, фунтаў на пяцьдзесят лягчэйшы за мяне. Але чаго гэта я раптам буду непакоiцца за Дэвiдсана? I перада мною, i перад iм Джэнiфэр аддае вiдавочную перавагу нейкаму Фiлу, якому (ну i ну!) пасылала цяпер пацалункi па тэлефоне.
Варта было адно адлучыцца на якiя два днi, i, калi ласка, - нейкi казёл з iдыёцкiм iмем Фiл забраўся да яе ў ложак (вядома, забраўся!).
Вешаючы слухаўку, яна нарэшце заўважыла мяне i, нават не пачырванеўшы, усмiхнулася i з'iмiтавала пацалунак. Ну i двудушнасць!
