
Яна цмокнула мяне ў ацалелую шчаку:
- Э-э, ну i выгляд у цябе!
- Дасталося, Джэн.
- Але твой супернiк выглядае яшчэ горш?
- Вядома. Нашмат. Мае супернiкi заўсёды выглядаюць горш. - Я сказаў гэта з усёй злосцю, на якую здатны, намякаючы на тое, што намылю пысу любому супернiку, якi палезе да яе ў ложак, пакуль мяне няма паблiзу.
Але Джэнi, як нiчога i не здарылася, узяла мяне за рукаў, i мы рушылi да дзвярэй.
- Дабранач, Джэнi, - сказала дзяжурная.
- Дабранач, Сара, - адгукнулася Джэнi.
Калi мы выйшлi на вулiцу, збiраючыся сесцi ў мой "МГ", я набраў у лёгкiя свежага вечаровага паветра i як мог абыякава запытаўся:
- Паслухай, Джэн...
- Што?
- Э-э... Хто такi Фiл?
Яна кiнула ўжо ў машыне:
- Мой бацька.
Так я ёй i паверыў.
- Ты завеш свайго бацьку Фiлам?
- Але, гэта яго iмя. А як ты завеш свайго?
Джэнi ўжо казала мне, што яе выхаваў бацька, уладальнiк невялiкай пякарнi ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд. Мацi яе загiнула ў аўтамабiльнай аварыi, калi Джэнi была зусiм маленькая. Усё гэта яна расказала мне, калi тлумачыла, чаму ў яе няма вадзiцельскiх правоў. Яе бацька - ва ўсiх астатнiх адносiнах, як сказала яна, сапраўды "выдатны хлопец" - пасля смерцi мацi стаў вельмi прымхлiвым i нi за што не хацеў дазволiць адзiнай сваёй дачцэ вадзiць машыну. Ёй гэта дужа замiнала ў апошнiх класах каледжа, калi яна пачала браць урокi iгры на фартэпiяна ў аднаго чалавека з Провiдэнса. Затое яна паспела прачытаць у доўгiх аўтобусных паездках усяго Пруста.
- Дык як ты завеш свайго? - спыталася яна зноў.
Я думаў зусiм пра iншае i не зразумеў пытання.
- Майго каго?
- Якiм тэрмiнам ты абазначаеш свайго творца?
Я назваў тэрмiн, якi заўсёды хацеў скарыстаць:
- Сукiн Сын.
- У вочы? - спыталася яна.
