
- Я нiколi не бачу ягонага твару.
- Ён носiць маску?
- Бадай. Каменную. Абсалютна каменную.
- Кiнь, ён, мабыць, страшэнна ганарыцца табою. Ты ж гарвардская хакейная славутасць.
Я зiрнуў на яе. Вiдаць, яна i праўда нiчога не ведае.
- Ён таксама быў выдатным спартсменам, Джэнi.
- Лепшым за цябе?
Мне спадабалася, што яна такое высокае думкi пра мае атлетычныя дасягненнi. Шкада, што мне прыйдзецца прынiзiць сябе, расказаўшы ёй пра бацькавы поспехi.
- Ён удзельнiчаў у фiнальным заездзе акадэмiчных адзiночак на Алiмпiйскiх гульнях 1928 года.
- Ого! - сказала яна. - I выйграў?
- Не, - адказаў я.
I яна, па-мойму, здагадалася, што мяне крыху суцяшае той факт, што ў фiнале бацька быў толькi шосты.
Мы трохi памаўчалi. Цяпер Джэнi, бадай, зразумее, што быць Олiвэрам Барэтам IV - гэта азначае не толькi насiць тое самае iмя, што i грандыёзнае збудаванне з шэрага каменю ў Гарвардскiм унiверсiтэцкiм гарадку. Гэта яшчэ i своеасаблiвае мускульнае застрашэнне. Я маю на ўвазе, калi над табою зiхацяць вяршынi чужое спартовае славы. Я маю на ўвазе - нада мною.
- Але што ён такое зрабiў, што ты назваў яго сукiным сынам? - спыталася Джэнi.
- Ён змушае мяне, - адказаў я.
- Не разумею.
- Ён змушае мяне, - паўтарыў я.
- Да чаго, Олiвэр?..
- Рабiць усё "правiльна".
- А хiба гэта няправiльна - рабiць усё правiльна?..
Я адказаў, што ненавiджу, калi мяне праграмуюць на працяг Барэтаўскае Традыцыi - дый яна сама мусiла гэта зразумець: бачыла ж, як мяне ўсяго скурчвае кожнага разу, калi мне прыходзiцца называць пасля iменi свой парадкавы нумар. I яшчэ, сказаў я, мяне даводзiць да шалу, што я кожны семестр абавязаны выдаваць х акадэмiчных поспехаў.
- Ну, вядома, - сказала яна з непрыхаваным сарказмам. - Я даўно заўважыла, як табе не падабаецца атрымлiваць свае "А" i гуляць за зборную ўнiверсiтэта.
- Я ненавiджу другое: ён нiчога iншага i не чакае! - Нiколi раней я нiкому гэтага не гаварыў - i цяпер адчуваў сябе страшэнна няёмка. Але мне трэба было растлумачыць Джэнi ўсё. - Калi мне i праўда штосьцi ўдаецца, дык ён настолькi скептычна да гэтага ставiцца, што ўявiць сабе немагчыма! Усё чыста ўспрымае як звычайнасць.
