- Дык ён жа заняты чалавек! Яму ж трэба кiраваць усiмi гэтымi банкамi i Бог яго ведае што яшчэ рабiць!

- Джэнi, ты, уласна, на чыiм баку?

- А гэта што, вайна? - спыталася яна.

- Вайна, - адказаў я.

- Гэта ж смешна, Олiвэр.

Выдавала на тое, што яна сапраўды не магла мяне зразумець. Тады я i западозрыў, што мы па-рознаму глядзiм на жыццё. Вядома, мае тры з паловаю гады ў Гарвардзе i яе ў Рэдклiфе ператварылi нас абаiх у самаўпэўненых iнтэлектуалаў - традыцыйны прадукт гэтых устаноў. Аднак на гэтым падабенства канчалася. Згадзiцца з тым, што ў майго бацькi каменнае сэрца, яна не магла: замiналi, мабыць, нейкiя атавiстычныя iталiйска-мiжземнаморскiя паняццi накшталт "падрэ любiць сваiх бамбiнi" - толькi так i не iнакш.

Тады я паспрабаваў прывесцi наглядны прыклад. Наша дурная "антыразмова" з бацькам пасля гульнi ў Корнэле. Гэта вiдавочна ўразiла яе. Але няхай мне так добра будзе, калi ўразiла гэтак, як я разлiчваў.

- Дык ён прыехаў з Бостана ў Iтаку дзеля нейкага няшчаснага хакейнага матча?

Я паспрабаваў растлумачыць ёй, што мой бацька - гэта выключна адна форма i анiякага зместу. Але яе проста асляпiла тое, што ён пусцiўся ў такую далёкую дарогу, каб толькi папрысутнiчаць на (адносна) пасрэднай спартовай гульнi.

- Годзе, Джэнi, давай закончым гэтую тэму?

- Ведаеш, - сказала яна, - я нават рада, што ты так зацыклiўся на сваiм бацьку. Гэта азначае, што ты зусiм яшчэ не дасканалы.

- Ты хочаш сказаць, ты - дасканалая?

- Божа баранi, падрыхтунчык. Хiба я стала б тады сустракацца з табою?

Яна зноў была ў сваiм стылi.

5

Хацеў бы ўжо сказаць колькi слоў пра нашы iнтымныя адносiны.



20 из 81