
Так яно i здарылася.
Калi назаўтра ранiцай Жан Манье прачнуўся ў поўнай адзiноце, ён адчуў, што сiлы яго пакiдаюць. Хоць Фанi была i бяздушная жанчына, але ён яе любiў. Негрыцянка прынесла яму снеданне - рэдзенькую кашу ў талерачцы, лустачку дынi, i папрасiла грошай.
- Дзе гаспадыня, мiстэр?
- Паехала.
Ён даў ёй пятнаццаць даляраў i падлiчыў, што ж у яго засталося. Даляраў шэсцьсот, нават меней. Можна пражыць месяцы два, нават тры... А потым? Ён паглядзеў у акно. Апошнiм часам, амаль кожны дзень, у газетах пiсалася пра самагубствы. Банкiры, служачыя, бiржавыя спекулянты, пацярпеўшы крах, выбiралi смерць як адзiны ратунак. Скiнуцца з дваццатага паверха? Колькi секунд? Тры? Чатыры? Кроў на асфальце i раструшчанае цела... А калi не памрэш адразу? I ён уявiў сабе страшэнныя пакуты, паламаныя косцi, садранае мяса... Уздыхнуўшы, ён узяў пад паху газету i пайшоў у рэстаран. I вельмi здзiвiўся, што з апетытам з'еў блiнцы, палiтыя кляновым сiропам.
* * *
- "Гатэль "Танатос Палац", Нью-Мексiка..." Дзiўны адрас... Хто мне можа адтуль пiсаць?
Было i яшчэ адно пiсьмо, ад Гары Купера. Ён прачытаў яго першым. Шэф пытаўся, чаму ён не з'явiўся ў кантору. Ён павiнен вярнуць у касу восемсот дзевяноста тры даляры (893)... I якiя яго меркаваннi на гэты конт?.. Пытанне жорсткае альбо наiўнае. Але ж наiўнасць не была адною з заган Гары Купера.
Ён распячатаў другое пiсьмо. Наверсе з густам зробленая гравюрка - тры кiпарысы, а нiжэй тэкст.
