
ГАТЭЛЬ "ТАНАТОС ПАЛАЦ"
Дырэктар - Генры Берстэкер
Дарагi пан Манье!
Мы сёння звяртаемся да Вас не выпадкова, а, маючы пэўныя весткi аб Вас, у нас ёсць падстава спадзявацца, што нашы паслугi могуць Вам спатрэбiцца.
Вы не маглi, вядома, не заўважыць, што ў жыццi нават самага мужнага чалавека складаюцца часам такiя фатальныя акалiчнасцi, з якiмi нельга змагацца, i тады прыходзiць думка аб смерцi, як аб жаданым ратунку.
Заплюшчыць вочы, заснуць, каб нiколi больш не прачынацца, не чуць нi пытанняў, нi папрокаў... Многiя з нас мелi такое жаданне, марылi аб гэтым... Аднак, за вельмi рэдкiм выключэннем, людзi не адважваюцца вызвалiцца ад сваiх пакут, i гэта зусiм зразумела, калi ўспамiнаеш тых, хто паспрабаваў гэта зрабiць. Большасць самагубстваў канчаецца страшэнна няўдала. Адзiн хацеў пусцiць сабе кулю ў лоб, а зачапiў зрокавы нерв i аслеп. Другi, жадаючы навекi заснуць, выпiў снатворнага, але памылiўся дозай i прачнуўся днi праз тры паралiзаваны, без памяцi, з хваробай мозгу. Самагубства - гэта мастацтва, якое патрабуе культуры i не дапускае аматарства, але разам з тым, па самой сваёй прыродзе не дазваляе чалавеку набыць належны вопыт.
Маючы гэтакi вопыт, дарагi пан Манье, i, спадзеючыся, што закранутая намi праблема Вас цiкавiць, мы гатовы прапанаваць Вам свае паслугi. З'яўляючыся ўладальнiкамi гатэля, якi знаходзiцца на гранiцы Злучаных Штатаў i Мексiкi i, дзякуючы пустэльнаму характару мясцовасцi, пазбаўлены афiцыйнага кантролю i дакучлiвых прыватных вiзiтаў, мы прыйшлi да пераканання, што наш абавязак дапамагаць чалавецтву i тым з нашых братоў, хто па сур'ёзных i няўхiльных прычынах хацеў бы разлучыцца з жыццём, даём спосаб выканаць гэта без пакут i, асмелiмся сцвярджаць, без усякай рызыкi.
У гатэлi "Танатос Палац" смерць спаткае Вас у сне далiкатна i без болю. Тэхнiчная спрактыкаванасць, набытая намi за пятнаццаць гадоў бесперапыннага старання (толькi за апошнi год мы абслужылi больш за дзве тысячы клiентаў), дазваляе нам гарантаваць i надзейнасць дазiроўкi i хуткi рэзультат. Дададзiм таксама, што клiентаў, якiх мучаць сумленне альбо перакананнi рэлiгiйнага характару, пры дапамозе вынайдзеных намi адмысловых метадаў мы вызваляем ад усякай маральнай адказнасцi.
