Мы вельмi добра ведаем, што большасць нашых клiентаў абмежавана ў сродках, бо схiльнасць да самагубства, як правiла, адваротна прапарцыянальна крэдытнай суме на банкаўскiм рахунку. А таму, нiколькi не ахвяруючы камфортам, мы давялi расцэнкi "Танатоса" да мiнiмуму. Каб пасялiцца ў нас, даволi трохсот даляраў, якiя ўносяцца адразу. Гэты невялiкi ўзнос вызваляе Вас ад далейшых затрат на ўвесь тэрмiн Вашага знаходжання ў нашым гатэлi - тэрмiн, працягласць якога будзе захоўвацца ад Вас у сакрэце - i пакрые выдаткi па самой аперацыi, па пахаванню i па нагляду за магiлай.

Таксама важна дадаць, што "Танатос" знаходзiцца на ўлоннi прыроды ў цудоўнай мясцовасцi, мае чатыры тэнiсныя корты, пляцоўку для гульнi ў гольф i вялiзны басейн для плавання. Клiентура гатэля складаецца з асоб мужчынскага i жаночага полу i амаль уся належыць да высокiх i вытанчаных пластоў грамадства. Сацыяльная згода, якая пануе ў нашым гатэлi, памножаная на незвычайнасць сiтуацыi, надае адпачынку ў iм нi з чым не параўнаную прывабнасць. Пасажыраў, што едуць да нас, просiм выходзiць на станцыi Дымiнг, дзе iх чакае спецыяльны аўтобус гатэля. Аб прыездзе просiм паведамiць загадзя, за два днi наперад, пiсьмом альбо тэлеграфна. Наш тэлеграфны адрас: "Танатос", Каранада, Нью-Мексiка.

Жан Манье ўзяў калоду карт i расклаў iх так, як навучыла яго Фанi. Яму выпала ўдача.

* * *

Падарожжа цягнулася доўга. Поезд шпарка iмчаўся мiма баваўняных палёў, дзе працавалi негры - чорныя кропкi сярод белай пены. Жан Манье то чытаў, то драмаў, то зноў прабаваў чытаць - так прайшлi два днi i дзве ночы. Нарэшце яны ўехалi ў горы, гiганцкiя, фантастычныя, казачныя. Цягнiк з гулам iшоў у цяснiне памiж высачэнных скал, перасечаных упоперак фiялетавымi, жоўтымi i чырвонымi палосамi. Памiж скал, на палове iх вышынi, доўгаю белаю стужкай вiселi аблокi. На дробных станцыях можна было ўбачыць мексiканцаў у шырокiх капелюшах i вышываных скураных куртках.



4 из 14