
Калi чвэрткай гадзiны пазней я падыходзiў да яе, маючы сваю зброю ў кiшэнi, я ўжо не баяўся нiкога. Пры поглядзе зблiзу яна паказалася нейкай няшчаснай i нечым нагадала маю суседку з дома насупраць, ад'ютантаву жонку. Я быў задаволены: я даўно ўжо хацеў пабачыць гэтую ад'ютанцiху галяком. Ранiцай, калi ад'ютант выпраўляўся на службу, яна апраналася пры адчыненых вокнах, i я часта хаваўся ў сябе за фiранкай, спадзеючыся яе заспець. Але яна, на жаль, прыбiралася ў глыбiнi пакоя.
У гатэлi "Стэла" са свабодных нумароў заставаўся толькi адзiн - на пятым паверсе. Мы рушылi ўгору. Брунетка была даволi грузная i ледзь не на кожнай прыступцы спынялася, каб аддыхацца. Што да мяне, дык я адчуваў сябе выдатна: нягледзячы на свой жывот, я зусiм не пацею, i каб задыхацца, пяцi паверхаў мне мала. Калi мы дайшлi да пляцоўкi на пятым паверсе, яна спынiлася i, з цяжкасцю пераводзячы дых, прыцiснула правую руку да сэрца. У левай у яе быў ключ.
- Высока, - сказала яна i паспрабавала мне ўсмiхнуцца.
Я нiчога не адказаў, забраў у яе ключ i адчынiў дзверы. Потым, не вымаючы рэвальвера з кiшэнi, выставiў яго руляй наперад i адпусцiў толькi тады, калi запалiў святло. У пакоi было пуста. На мыйнiцы ляжаў пакладзены iмi маленькi квадратны кавалачак зялёнага мыла - каб было чым памыцца. Я ўсмiхнуўся: са мной ва ўсiх iх бiдэ ды квадратных кавалачках мыла нiякай патрэбы няма. Кабета ў мяне за спiнай яшчэ шумна дыхала, гэта мяне распаляла. Я павярнуўся, i яна пацягнулася да мяне губамi. Я яе адштурхнуў.
- Распранайся, - сказаў я.
