
У пакоi быў мяккi фатэль, я сеў i прымасцiўся як мага ўтульней. У такiя моманты я заўсёды шкадую, што не навучыўся палiць. Кабета зняла сукенку, потым спынiлася i скiнула на мяне недаверлiвым вокам.
- Як цябе завуць? - спытаў я, адкiдваючыся ў фатэлi.
- Рэне.
- Дык вось, Рэне, ты давай хутчэй, я чакаю.
- А ты што - не распранаешся?
- Ты давай, давай, - сказаў я, - пра мяне можаш не клапацiцца.
Яна скiнула да ног майткi, потым падабрала i акуратна паклала на сукенку разам са станiкам.
- А ты, аказваецца, маленькi пракуда, мой даражэнькi? Бач ты, якi гультай, - сказала яна. - Хочаш, каб усё за цябе зрабiла твая дзяўчынка?
Адначасова яна падышла i, абапершыся рукамi на падлакотнiкi, з цяжкасцю паспрабавала прымасцiцца ў мяне памiж ног на кукiшкi. Але я сурова яе падняў.
- Ну-ну, без гэтага, без гэтага, - сказаў я.
Яна зiрнула на мяне са здзiўленнем.
- Але тады што ж ты хочаш, каб я табе зрабiла?
- Нiчога. Пахадзi, гуляй, болей я ад цябе нiчога не патрабую.
Яна пачала хадзiць туды-сюды па пакоi. Выгляд у яе быў нязграбны. Увогуле, нiчога больш так не прыгнятае жанчын, як хадзiць галяком. Яны зусiм не прызвычаеныя ставiць ступакi плазам. Шлюха хадзiла, выгнуўшы спiну, са звiслымi, як дзве вяроўкi, рукамi. Што да мяне - я быў на сёмым небе: вы ўявiце сабе - я спакойненька сяджу сабе ў фатэлi, зашпiлены пад самае горла (я нават не зняў пальчатак), а гэтая пераспелая паня, цалкам раздзеўшыся па маiм загадзе, круцiцца вакол, як ваўчок.
Яна павярнулася да мяне тварам i, каб захаваць прыстойнасць, какетлiва ўсмiхнулася:
- Ты лiчыш, што я прыгожая? Га? Лашчыш вока?
- Цябе гэта вельмi турбуе?
- Слухай, - спытала яна раптам абураным голасам, - i доўга ты хочаш, каб я так хадзiла?
- Сядзь.
Яна села на ложак, i мы моўчкi ўтаропiлiся адно на аднаго. У яе была гусiная скура. Было чуваць, як за сцяной тукае будзiльнiк. Раптам я сказаў:
