Ён адчуваў самоту - пэўна, нiхто нiколi не быў такi самотны! Ён быў адзiн у гэтай бясконцай снежнай пустэльнi, адзiн на вышынi дзвюх тысяч метраў над зямлёй, над дамамi, над шумным i мiтуслiвым жыццём, адзiн у гэтых сцюдзёных нябёсах! Яго раздзiрала дзiкае жаданне ўцячы, усё роўна куды, усё роўна як, спусцiцца ў Лёэш, кiнуўшыся ў прорву. I ён зрабiў бы гэтак, але не адважыўся адчынiць дзверы. Ён баяўся, што той, мёртвы, не дасць яму ўцячы з-за боязi застацца аднаму ў гарах.

Каля апоўначы, стомлены хадою, ашалелы ад страху, ён урэшце заснуў на сваiм крэсле, бо баяўся ложка, як месца, заселенага прывiдамi.

I раптам пранiзлiвы крык зноў прарэзаў цiшу. Ён быў такi гучны, што Ульрых выцягнуў рукi перад сабой, каб адпiхнуць прывiда, i ўпаў разам з крэслам.

Сэм, абуджаны шумам, пачаў выць, як выюць напалоханыя сабакi, ён бегаў па пакоi, шукаючы, з якога боку пагражае небяспека. Падышоўшы да дзвярэй, ён прынюхаўся, натапырыўся i пагрозлiва завурчаў.

Ашалелы Кюнсi ўскочыў, схапiў крэсла за ножку i закрычаў: "Не ўваходзь! Не ўваходзь! Не ўваходзь, бо заб'ю!" I сабака, узбуджаны гэтай пагрозай, пачаў шалёна брахаць на нябачнага ворага, да якога звяртаўся гаспадар.

Сэм памалу супакоiўся i лёг каля агню, але трывога не прайшла. Ён ляжаў, падняўшы галаву, i сярдзiта вурчаў праз iклы.

Ульрых памалу апрытомнеў, але, адчуваючы, што зараз памрэ ад страху, дастаў з буфета бутэльку гарэлкi i выпiў адну за адной некалькi шклянак. Думкi яго пераблыталiся, зноў вярнулася адвага, гарачыня разлiлася па жылах.

Наступнага дня ён нiчога не еў, толькi пiў гарэлку. Так ён пражыў некалькi дзён, п'яны да непрытомнасцi. Як толькi ён згадваў Гаспара, ён зноў пачынаў пiць, пакуль не падаў, збiты з ног дзеяннем алкаголю. Ён так i заставаўся ляжаць, тварам унiз, нерухома, як мёртвы, з разбiтым целам, храпучы, прыцiснуўшыся лбом да зямлi. Але як толькi пякучая дурманлiвая вадкасць засвойвалася арганiзмам, той самы крык "Ульрых!" зноў будзiў яго, упiваючыся ў мозг, як куля.



10 из 13