Ён пачакаў. Горы маўчалi! I тады страх працяў яго да самых касцей. Ён хутка заскочыў у гатэль, зачынiў дзверы, замкнуўся на замок i ўпаў у лiхаманцы на крэсла, упэўнены ў тым, што яго таварыш клiкаў яго падчас канання.

Ён быў упэўнены ў гэтым. Стары Гаспар Хары канаў два днi i тры ночы недзе ў яме, у адным з глыбокiх, некранутых яроў, бель якiх страшнейшая за цемру сутарэнняў. Ён канаў два днi i тры ночы i памёр толькi што з думкай пра свайго кампаньёна. Душа яго, як толькi вызвалiлася, паляцела да гатэля, дзе спаў Ульрых, i паклiкала яго, падпарадкоўваючыся той таямнiчай i страшнай сiле, што прымушае душы памерлых неадступна турбаваць жывых. Гэтая бязмоўная душа закрычала ў прыгнечаным розуме таго, хто спаў. Яна выгукнула апошняе слова развiтання, апошнi папрок, апошняе пракляцце таму, хто не надта старанна шукаў.

I Ульрых адчуваў, што Гаспарава душа тут, зусiм блiзка, за сцяною, за дзвярыма, якiя ён толькi што зачынiў. Яна тулялася знадворку, як начная птушка, што б'ецца крыламi аб шыбiны асветленага акна, а хлопец, ужо зусiм ашалелы, быў гатовы завыць ад страху. Ён хацеў уцячы, але баяўся выйсцi. Ён не наважваўся i больш нiколi не наважыцца выйсцi, бо прывiд будзе заставацца там, ён будзе бадзяцца ўдзень i ўночы вакол гатэля, пакуль не знойдуць цела старога праваднiка i не пахаваюць яго на пасвенчанай зямлi на могiлках.

Настаў дзень, узышло яркае сонца, i гэта надало Кюнсi адвагi. Ён паснедаў, накармiў сабаку i застаўся сядзець на крэсле, думаючы з болем у сэрцы пра старога, што застаўся недзе ляжаць у снезе.

Як толькi на горы апусцiлася ноч, яго пачалi адольваць новыя страхi. Ён хадзiў па цёмнай кухнi, ледзь асветленай полымем свечкi, хадзiў з кута ў кут шырокiм крокам, прыслухоўваючыся, цi не парушыць зноў змрочную навакольную цiшу нялюдскi крык мiнулае ночы.



9 из 13