Вось i ўсё.

Як вядома, школа, дзе хлопцаў гуртам рыхтуюць да жыцця ў грамадстве, дае iм такiя веды, якiх яны не набылi б, гадуючыся паасобку. У гэтым я пераканаўся на першым тыднi вучобы, калi навучыўся майстэрству "адцiскаць тварог", для чаго патрэбна па меншай меры тры асобы, якiх не знойдзеш за межамi грамадства.

Толькi цяпер я, нарэшце, адкрыў у самiм сабе той сапраўдны талент, прырода якога ахоўвала мяне ад тэарэтычных пошукаў, а штурхала да калектыўнай дзейнасцi. Я належаў да першакласных iгракоў у мячык, бываў камандзiрам у бойках, наладжваў групавыя прагулы, дырыжыраваў у класе агульным тупатам цi бэканнем, чым мы, усе шэсцьдзесят хлапчукоў, займалiся сяды-тады для адпачынку. Затое, аказаўшыся сам-насам з граматычнымi правiламi, выключэннямi, скланеннямi i спражэннямi, якiя, як вядома, з'яўляюцца асновай фiласофскага мыслення, я раптам адчуваў у душы нейкую пустату, з глыбiняў якое выплывала санлiвасць.

Калi я пры такой здольнасцi выкручвацца ад вучобы мог на ўроках адказваць даволi складна, дык гэта толькi дзякуючы моцнаму зроку, якi дазваляў мне чытаць з кнiжкi, што ляжала на другой цi на трэцяй парце. Здаралася часамi, што я выдаваў зусiм не тое, што было зададзена, i тады я хапаўся за стэрэатыпны спосаб апраўдання. Казаў, што добра не пачуў або - спалохаўся.

Наогул быў я вучнем будучынi, не толькi таму, што абуджаў нездаволенасць у старых руцiнёраў, а карыстаўся сiмпатыяй маладых, але i таму, што добрыя адзнакi па розных прадметах, а разам з гэтым i надзею перайсцi ў наступны клас бачыў я толькi ў марах, якiя значна апярэджвалi рэчаiснасць.



9 из 50